Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад маці Паўла Красоўскага не прымаюць перадачу сыну


Радыё Свабода, Віцебск Жодзінскі актывіст сёмыя суткі знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня: яго падазраюць у датычнасьці да леташніх выбухаў у Віцебску. А 10-й раніцы Паўла Красоўскага чарговы раз пачалі дапытваць у абласным аддзеле барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.

Другія суткі Тамара Красоўская, маці затрыманага, спрабуе перадаць сыну адзеньне і ежу. Нагадаем, што адразу пасьля ягонага затрыманьня перадачу Паўлу Красоўскаму хацелі перадаць віцебскія сябры Парті БНФ. Аднак без санкцыі старэйшага сьледчага па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Аляксандра Расолькі, які вядзе справу пра выбухі, ім гэтага зрабіць не дазволілі. Дазвол удалося атрымаць толькі ўчора позна ўвечары, калі ў ізалятары перадачы ўжо не прымалі. Да таго ж афіцыйную паперу, падпісаную спадаром Расолькам, Тамары Красоўскай на рукі не далі, сказаўшы, што дазвол і саму перадачу ў ізалятар даставіць канвой. Аднак ні ўчора ўвечары, ні сёньня зранку, калі канвой прывозіў Паўла Красоўскага на допыт, перадачу ў маці так і не ўзялі.

Спадарыня Красоўская лічыць, што адмысловае стварэньне найгоршых умоваў утрыманьня ёсьць маральным ціскам на яе сына. Маці затрыманага паведаміла таксама, што сьледчая Вікторыя Шаварноўская парушыла і ейныя грамадзянскія правы: паклікала ў кабінэт, нібыта каб нешта спраўдзіць, пасьля чаго цягам амаль гадзіны дапытвала, не папярэдзіўшы, што гаворка ёсьць допытам, і не прапанаваўшы паклікаць адваката.

Павал Сапелка, абаронца Паўла Красоўскага, прапанаваў з гэтай нагоды напісаць скаргу ў Рэспубліканскую пракуратуру. Шо да пэрспэктываў свайго падабароннага, то спадар Сапелка нічога пэўнага пакуль сказаць ня можа: паводле заканадаўства, падазраванага ў асабліва цяжкім злачынстве могуць трымаць пад вартай у гэтай якасьці да 10 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG