Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыненая крымінальная справа супраць латвійскага дыплямата


Радыё Свабода Спыненая крымінальная справа ў дачыненьні да другога сакратара амбасады Латвіі ў Беларусі Рэйма Шмітса. Пра гэта паведаміла рэспубліканская пракуратура.

"Папярэдняе расьсьледаваньне ў крымінальнай справе завершана. Матэрыялы перададзеныя латвійскаму боку ў адпаведнасьці з Дамовай паміж Беларусьсю і Латвіяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах”, гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Нагадаем, 25 ліпеня ў кватэры, якую здымаў Р. Шмітс, беларускія праваахоўныя органы правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі шэраг відэакасэт. 27 ліпеня ў дачыненьні да дыплямата была распачатая крымінальная справа за распаўсюд парнаграфічнай прадукцыі.

31 ліпеня Беларускае тэлебачаньне паказала кадры гомасэксуальнага акту, зробленыя схаванай камерай у кватэры дыплямата. МЗС Латвіі назвала дзеяньні беларускіх уладаў парушэньнем Венскай канвэнцыі. Гэткую ж пазыцыю выказаў і Эўразьвяз. Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Рэйма Шмітс пакінуў Беларусь. У адказ Латвія аб’явіла пэрсонай нон-грата першага сакратара амбасады Беларусі ў Латвіі Дзьмітрыя Краюшкіна.

Амбасадарка Латвіі Майра Мора ад’ехала ў Рыгу для кансультацый. А МЗС Латвіі заявіў, што новы беларускі амбасадар Аляксандар Герасіменка ня зможа пачаць паўнавартасную працу, пакуль ня будуць атрыманыя адпаведныя тлумачэньні беларускага боку. З прычыны гэтага канфлікту не адбыўся плянаваны ўдзел прэм’ера Латвіі ў цырымоніі завяршэньня дэмаркацыі беларуска-латвійскай мяжы.

Якім чынам спыненьне крымінальнай справы паўплывае на вырашэньне гэтага дыпляматычнага канфлікту, а таксама пазыцыя беларускага і латвійскага боку ў гэтым пытаньні – пазьней на нашым сайце і ў вечаровым эфіры.
XS
SM
MD
LG