Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах расьце колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэту


Радыё Свабода, Менск Агляд недзяржаўных СМІ за 11 кастрычніка

“Комсомольская правда в Белоруссии” у артыкуле пад загалоўкам “У Менску галадаюць 105 пратэстантаў” друкуе рэпартаж з будынку эвангельскай царквы, што ў менскім мікрараёне “Сухарава”. Пакуль, як удакладняе выданьне, прадстаўнікі ўлады да вернікаў не прыходзілі.

Сёньняшні нумар “Бобруйского курьера” амаль цалкам прысьвечаны вынікам фэсту “Дажынкі”. Гаворыць журналіст Віктар Качан:

(Качан: ) «Мы прыводзім словы намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоля Глаза, што на падрыхтоўку і правядзеньне гэтага фэсту-кірмашу пайшло каля 200 мільярдаў рублёў. За тры працоўныя дні кожны бабруйчанін, і ня толькі на прадпрыемствах, а, напрыклад, у школах адлічыў свой заробак. Таксама «даілі» і прыватныя фірмы».

Баранавіцкая газэта “Интекс-пресс” даведалася, што ад пачатку гэтага году колькасьць кватэрных абанэнтаў, якія выходзяць у сетку Інтэрнэт па беспарольнаму доступу, павялічылася больш як адну тысячу і дасягнула 6,5 тысяч. У камэнтары гэтага факту сувязісты спасылаюцца на асаблівую папулярнасьць паслугі ў новага пакаленьня насельніцтва.

«Газета Слонимская» сёньня паведамляе, што ў райцэнтры дадаткова ўстаноўлена 48 дарожных знакаў “Прыпынак забаронены”. Ля іх, як удакладнілі журналісты, толькі цягам аднаго дня міліцыянты штрафуюць ня менш як 20 вадзіцеляў на 30 тысяч рублёў кожнага. Каб не губляць грошы, піша газэта, уладальнікі легкавушак заганяюць іх у бліжэйшыя двары.

Тыднёвік «Ганцавіцкі час» правярае зьвесткі аб наступствах ад узмацненьня лесаперапрацоўкі, што адбываецца паводле патрабаваньняў Аляксандра Лукашэнкі. Пра зьмест першага артыкулу распавядае рэдактар Пятро Гузаеўскі:

(Гузаеўскі: ) «60 працэнтаў тэрыторыі раёну занята лесам. 36 пілярамаў! Людзі выйдуць у лес, а там ужо нічога няма – голыя пні стаяць. Рэжуць усё падрад. Шмат узьнікае пытаньняў. Можа карыстаюцца тым, што раён аддалены і можна тварыць, што захачу? Людзі гэтае пытаньне задаюць».

Са словаў Пятра Гузаеўскага, цяпер ў Ганцавічах плянуецца прыватызацыя перапрацоўчага цэху тамтэйшага лясгасу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG