Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт з Багданаўкі паставіў помнік па забітых габрэях-аднавяскоўцах


Валянціна Аксак, Менск “Я шчасьлівы чалавек, бо збылася мая мара аднавіць памяць па зьнішчаных фашыстамі маіх земляках”, – сказаў у інтэрвію нашай карэспандэнтцы Мікола Ільючык, паэт з вёскі Багданаўка, што ў Лунінецкім раёне. Помнік забітым габрэям-аднавяскоўцам ён зрабіў сам з сынамі і сябрамі і на ўласныя сродкі.

Пра трагедыю шасьці габрэйскіх сем’яў, зьнішчаных фашыстамі ў часе вайны, Мікола Ільючык даведаўся яшчэ падлеткам ад бацькоў. Яго вельмі ўсхвалявала тое, што ніякіх памятных знакаў па забітых у іх роднай вёсцы людзях не засталося. Ён захацеў нейкім чынам нагадаць сучасьнікам пра ранейшых аднавяскоўцаў. Гэтае жаданьне яшчэ больш узмацнілася, калі выйшла кніга “Памяць” пра Лунінеччыну, у якой пра трагедыю ў Багданаўцы не было ні слова.

(Ільючык: ) “Узьнікла пачуцьцё нейкае несправядлівасьці. Як жа так – жылі людзі, кожны са сваім сьветам, са сваёй нейкай марай, і вось яны проста зьніклі і ніхто аб гэтым ня ведае”.

Свамі пачуцьцямі і думкамі Мікола Ільючык падзяліўся на старонках раённай газэты, аднак ніхто не адгукнуўся. І тады ён вырашыў сам зрабіць помнік. Удакладніў яшчэ раз у старэйшых жыхароў вёскі месца трагедыі і стаў адкладаць на помнік грошы з уласных заробкаў.

(Ільючык: ) “Я параіўся з жонкай. Мы людзі веруючыя і мы дзесяць адсоткаў нашых прыбыткаў заўсёды ахвяруем на нейкія такія справы, якія мы называем Божымі. А жонка кажа: давай можа тую дзесяціну зьбярэм на помнік дый рабі”.



Сабраных грошай хапіла на набыцьцё патрэбных матар’ялаў, а зрабіць помнік дапамаглі спадару Міколу сябры і сыны, старэйшы зь якіх ходзіць у пятую клясу, а два меншыя ў трэцюю. Праект помніка ўласнае творчасьці. У аснове яго – бэтоннае кола, на якім – шасьцікутная зорка. Зь яе ўзвышаецца стылізаваная пад сьвечку мэталёвая труба. Вакол тры скруткі калючага дроту і шэсьць (па колькасьці зьнішчаных сем’яў) сымбаляў кропляў крыві. Дакладна высьветліць усе прозьвішчы і імёны забітых спадару Міколу не ўдалося, у памяці вяскоўцаў захаваліся толькі іх вулічныя мянушкі. Таму ён зрабіў на помніку агульны мэмарыяльны надпіс.

Лунінецкая раённая газэта гэтую падзею ў вёсцы Багданаўка абыйшла маўчаньнем.

На здымку: Мікола Ільючык ля помніка забітым габрэям у вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG