Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гэмінгуэй


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Калі б у мяне, дзевяціклясьніка, спыталі: хто твой ўлюбёны пісьменьнік, пытаньне б такое прагучала рытарычна. Тою парою мы ўсе захапляліся Гэмінгуэем. Ужо і ня памятаю – хто мне даў тую кніжку. Танклявую дзетгізаўскую кніжачку з пушком на вокладцы і шыхтом няроўных літараў: “Старик и море”. Чытаючы гісторыю аб кубінскім рыбаку, аб ягоным змаганьні зь меч-рыбай, я ўпершыню адчуў – які мізэрны чалавек у параўнаньні зь бяздоннай глыбінёй акіяну і як самотна яму пад высокімі зоркамі.

Гэта потым я прачытаў “Сьмерць героя” Олдынгтана, “Чужаніцу” Камю, “Майстра і Маргарыту” Булгакава і зразумеў, што Мэксыканская затока – не адзіная прыгожая мясьціна ў cьвеце, а Гэм – далёка ня самая прыўкрасная старонка ўсясьветнай літаратуры. Але тады, пры канцы шасьцідзясятых, маім кумірам быў Гэмінгуэй, і я ўрачыста прымацаваў над пісьмовым сталом партрэт першага і, як здавалася, апошняга песьняра імклівага Гальфстрыму.

Мы, маладзёны 60-х, жылі пад гравітацыйным узьдзеяньнем гэмінгуэеўскай прозы. Нам праглася пабачыць экзатычныя краіны, карцела, на прыклад старога Сант’яга лавіць тунцоў ды марлінаў, сядзець у парыскай кавярні “Сэлект” і піць кактэйль “Джэк роз”, ляжаць у цені жаралістага баабабу і неадрыўна глядзець на белую шапку Кіліманджара. “Запішыце тэму!” – гучаў, разганяючы салодкія крозы, голас настаўніцы. На кляснай дошцы былі напісана: “Мая ўлюбёная кніга “Як гартавалася сталь”. “Чаму вы, Яўгенія Анатолеўна, думаеце, што гэта мая ўлюбёная кніга?” – пытаўся з-за маёй сьпіны Грыша Песін. “А якая твая ўлюбёная кніжка?” – выдыхала настаўніца. “Дванаццаць крэслаў” Ільфа і Пятрова”, – адказваў сябрук. У клясе запаноўвала ціша, якую перарываў голас Яўгеніі Анатолеўны: “Грыша, твая апалітычнасьць ужо нікога не зьдзіўляе”.

Героі Гэмінгуэя былі апалітычнымі, душэўна адкрытымі і прыгожымі людзьмі. Яны адкідвалі ўсялякі фальш, падман і пустыя словы. Яны не пісалі творапісаў на зададзеныя тэмы, не наведвалі вечаровых факультэтаў унівэрсытэту марксізма-ленінізма, не праціралі штаноў на партыйных ды камсамольскіх сходах, ня білі ў ладкі начальству і не ўдзельнічалі ў сьвяточных дэманстрацыях. Яны гойсалі па сьвеце, лавілі тунцоў, езьдзілі на сафары, пілі віскі, спалі з мулаткамі, цьвелілі быкоў на вуліцах Памплёны. У дзявятым клясе я марыў быць падобны да Гэмінгуэя і ягоных герояў. І калі сёньня хтосьці са знаёмцаў пытаецца: калі паголішся, - няўцямна адказваю, што з сафары, тунцамі і мулаткамі не атрымалася, дык хай хоць застанецца сівая барада – якраз такая была ў Гэмінгуэя.
XS
SM
MD
LG