Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная АБЛОГа беларускага Інтэрнэту


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Прывітаньне! Час пазнаёміць вас з тым, чым сёньня, 10 кастрычніка, жыў беларускі Інтэрнэт.

На форуме TUT.by нехта Учылка піша: “Лябедзька прапануе адкрытыя дэбаты Мілінкевічу. Што ж, гэта добра і нават вельмі дэмакратычна. Хоць мне здаецца, зусім не своечасова. Лепш бы рабілі тое перад выбарамі… Але адказ на гэтую прапанову на сайце Мілінкевіча проста забівае — злы і кпівы. Няўжо Мілінкевіч баіцца Лябедзькі? Калі ён такі дэмакрат, няхай прымае выклік годна і адкрыта. Хоць спадзяваньняў на адкрытую канкурэнцыю вельмі мала. Мілінкевіч у чарговы раз унікне дыскусіі”. Там жа карыстальнік sorensen заўважае: “Няўжо яшчэ засталіся тыя, хто верыць у перамогу гэтай апазыцыі? Сярод маіх знаёмых ужо няма нікога. Хіба што парачка тых, каго прыкармілі паездкамі ў Чэхію і Польшчу. Цяпер, праўда, чуў, што хутка маршрут зьменіцца на супрацьлеглы. Нібыта ў Расеі нашай апазыцыяй зацікавіліся. Саюзнай дзяржавы ўсё няма і няма. Прарасейскай павінна быць ня толькі ўлада, як там думаюць, але і апазыцыя на ўсялякі выпадак. А то раптам Пазьняк вернецца”. На што нехта revanshist адказвае: “Калі Мілінкевіч здолее закруціць гайкі палітычным інвалідам зь невымернымі амбіцыямі, то адну добрую справу ён усё-такі зробіць”.

Сяржук Серабро на сайце народных навінаў Віцебска распавядае пра тое, што ў горадзе на Дзьвіне скончылася вакцына для прышчэпак ад шаленства. Пра гэта паведаміў яму жыхар гораду, якога пакусаў сабака: “Чарговую прышчэпку павінны былі рабіць 9 кастрычніка. Прыйшоў, а мне кажуць, што вакцыны няма ва ўсёй Беларусі. Прыйшоў 10 кастрычніка — вакцыны зноў няма”. Адсутнасьць вакцыны вядзе да зрыву графіка вакцынацыі. Гэта пагражае інфэкцыянаванаму дрэннымі наступствамі. Пасьля выяўленьня шаленства чалавеку звычайна застаецца жыць 7-10 дзён”.

На сайце studenty.by Ганна Краснова займаецца матэматыкай, каб падлічыць выдаткі сярэдняга студэнта на навучаньне ў Беларусі: “Апытаныя мною студэнткі і студэнты былі зьдзіўлены сумам, якія яны ў выніку налічылі. Атрымоўваецца, што за навучальны год сьціпла-сярэдні пражытковы ўзровень беларускага студэнта складае 2.300.000-3.000.000 бел. рублёў. Варта адзначыць, што гэтая сума будзе яшчэ вагацца ў межах +/- 400.000-600.000 бел. рублёў. Збольшага, канешне, плюс гэтыя тысячы”.

Лічбавая газэта “Ежедневник” зьмясьціла Топ-10 найгоршых сайтаў дзяржаўных установаў і грамадзкіх арганізацыяў. Галоўным крытэрам ацэнкі зрабілася апошняе абнаўленьне разьдзелу “Навіны”. На 9 пазыцыі сайт Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту: апошняя навіна датавана 31 жніўня. На 7 радку — Міністэрства транспарту і камунікацыяў: “гарачая” навіна датавана 13 ліпеня. На 5 пазыцыі — сайт Цэнтрвыбаркаму з галоўнай навіною пра скаргу Казуліна, “Беларускага рэспубліканскага клюбу выбарнікаў” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады аб прызнаньні выбараў прэзыдэнта Беларусі несапраўднымі. 3 месца ў сайта Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, апошняе інфармацыйнае паведамленьне датаванае 9 сьнежня 2005 году. А вось 1 і 2 месцы падзялілі сайты Міністэрства фінансаў і Міністэрства адукацыі. З той проста прычыны, што яны наогул не адчыніліся нават з дзесятай спробы”.

На сайце “Нацыянальнай эканамічнай газеты” праводзілася апытаньне на тэму “Як будзе разьвівацца Інтэрнэт-бізнэс у Беларусі?”. “Расквітнее дзякуючы дзяржрэгуляваньню” — адказалі 4% ад усіх, хто выказаўся. “Зачахне дзякуючы дзяржрэгуляваньню” — 62%. “Прагрэсу нішто не перашкодзіць” — 26%, “Застанецца такім, як ёсьць” — 7%”.

Не забывайцеся дасылаць свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG