Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Журналістыка бясьпечная, калі пішаш пра збор ураджаю…"


Радыё Свабода Апытаньне ў Гомелі: ці бясьпечна ў Беларусі працаваць журналістам?

(Хлопец: ) “У Беларусі, я думаю, трэба трохі апасацца быць журналістам, і гаварыць ня ўсё, што думаеш”.

(Студэнтка: ) “Тэлевізара ў інтэрнаце няма, таму нічога ня чуем і ня ведаем”.

(Пэнсіянэр: ) “Я думаю, што ў Беларусі бясьпечна быць журналістам. Можна пісаць і гаварыць пра ўсё, і нічога за гэта ня будзе”.

(Кабета: ) “І ў Беларусі, і ў Расеі журналістыка бясьпечная ў пэўных тэмах. Калі, напрыклад, пішаш пра збор ураджаю. Калі ж тэмы больш высокія — палітыка, дзяржаўная эканоміка, фінансы, тады ўжо чакай, што цябе засудзяць, аштрафуюць, ці наагул чалавек зьнікне”.

(Кабета: ) “Я думаю, бясьпечна. У нас наўкола ўсё добра. Некаторыя толькі зьяжджаюць за мяжу, а потым выдумляюць усялякую лухту”.

(Кабета: ) “Мне падаецца, што ў Беларусі працаваць журналістам можна. Абы-што, канечне, ня трэба пісаць. Трэба пісаць праўду”.

(Спадар: ) “Працаваць, наколькі я ведаю, вельмі складана. Журналісты на кожным кроку сутыкаюцца зь перашкодамі ў сваёй дзейнасьці. Гэта і ў некаторых крымінальных справах, і ў карупцыйных. Тут яны сутыкаюцца з супрацьдзеяньнем — і рэальнай інфармацыі атрымаць ня могуць. Тым самым парушаецца і права астатніх грамадзянаў на доступ да свабоднай інфармацыі”.

(Хлопец: ) “Небясьпечна працаваць журналістам. Дзіма Завадзкі згінуў, і яго да гэтага часу ня могуць знайсьці”.

(Хлопец: ) “Твары б’юць ня толькі журналістам. Мне падаецца, што гэта не паказьнік”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што небясьпечна. Дэмакратыі няма. На вуліцы шмат хто баіцца выказаць сваё меркаваньне. Нельга крытыкаваць уладу. Крытыкаваць можна кепскую дарогу, яміну на вуліцы — і не далей”.

(Студэнт: ) “Прафэсія небясьпечная, але патрэбная. Хто, калі не журналісты, будзе паказваць, што адбываецца ў нас у горадзе, у іншых месцах?”

(Студэнтка: ) “У Беларусі, я лічу, працаваць бясьпечна. У нас як бы свабодная краіна. А вось у Расеі — там невядома што адбываецца”.

(Студэнт: ) “Небясьпечная прафэсія. У нас вельмі шмат тэмаў, пра якія нельга пісаць адкрыта”.
XS
SM
MD
LG