Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанты галадаюць пятыя суткі (фотарэпартаж)


Любоў Лунёва, Менск У будынку пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” пятыя суткі цягнецца галадоўка вернікаў. Яны патрабуюць, каб гарадзкія ўлады надалі іхнаму будынку статус царквы й не высялялі з памяшканьня. У 2002 годзе вернікі набылі будынак (былы калгасны кароўнік) на ўскрайку Менску й адрамантавалі за свае грошы. Суд пастанавіў, што будынак не прызначаны для багаслужбаў і перадаў яго Менгарвыканкаму.

Адміністратар суполкі “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч паведаміў “Свабодзе”, што ў галадоўцы ўдзельнічаюць 32 чалавекі, якія не пакідаюць будынку царквы. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек трымаюць галадоўку ў рэгіёнах. Агульная колькасьць удзельнікаў акцыі — 110 чалавек.

(Юрэвіч: ) “На сёньняшні дзень гэта 32 чалавекі. Але ж у акцыі бяруць удзел 110 чалавек. Гэта людзі, якія таксама галадаюць, але не змаглі адпрасіцца з працы ці з вучобы. Яны знаходзяцца ў памяшканьні ўсю ноч, а раніцай ідуць на працу. Самая вялікая колькасьць людзей у нас позна ўвечары, калі ўсе прыйдуць з працы”.

Тыя зь вернікаў, што працуюць мэдыкамі, завялі на кожнага галадоўніка мэдычную картку. Яны правяраюць стан здароўя і запісваюць туды зьвесткі абсьледаваньня. Адміністрацыя суполкі зьвярнулася ў Чырвоны крыж з просьбай, каб зь імі ўвесь час быў доктар.

Некалькі вернікаў пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, якія трымаюць галадоўку, пятыя суткі не пакідаюць будынку. Сярод іх Натальля Сланчэўская. Яна працуе вядучым спэцыялістам на прадпрыемстве “Гарызонт” і ўзяла адпачынак на працы. Дома ў Натальлі засталіся муж і непаўналетняя дачка.

(Сланчэўская: ) “Муж разумее мае праблемы, маю бяду. Ён мне дапамагае. Каб галадаць, я ўзяла на працы дзесяць дзён адпачынку”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы думаеце, што хопіць дзесяці дзён?”

(Сланчэўская: ) “Я ня ведаю. Бог ведае, хопіць ці ня хопіць”.

Улады пакуль не прыходзілі да вернікаў з патрабаваньнем вызваліць будынак. Юрыст царквы Сяргей Луканін распавёў пра адзіны інцыдэнт:

(Луканін: ) “Прадстаўнікі ўлады ігнаруюць нашу галадоўку. Адбыўся толькі адзіны выпадак. Пад’ехала белая “Волга”, зь яе выйшлі людзі ў цывільным і пачалі здымаць будынак на фатакамэру. Яны здымалі выхады, уваходы й тое, што ў нас знаходзіцца па-за будынкам. Калі да іх падышлі нашы вернікі запытацца, што яны робяць, то яны хутка сышлі. Казалі, што яны нібыта з санстанцыі”.

Да галадоўкі штодня далучаюцца новыя людзі. Архітэктар Вадзім Пракопчык лічыць, што зрабіў важны ў сваім жыцьці крок. Ён першы дзень удзельнічае ў акцыі.

(Пракопчык: ) “Галадаю першы дзень. Толькі ўчора далучыўся. Добры стан пакуль што. Я маю намер пайсьці да канца. Пераехаў сюды на сталае, як кажуць, месца пражываньня. Я зрабіў тое, пра што марыў: зрабіў учынак у сваім жыцьці”.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка атрымаў лісты ад вернікаў з-за мяжы, у якіх яны выказваюць салідарнасьць зь беларускімі пратэстантамі. У будынку царквы стаяць ложкі для галадоўнікаў. Яшчэ некалькі спальных месцаў абсталявана на сцэне. Там начуюць вернікі, якія прыехалі з рэгіёнаў, а таксама людзі, што прыходзяць на кругласутачнае дзяжурства.

Вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыццё” падлічылі колькасьць удзельнікаў акцыі галадоўкі.

10 кастрычніка ў будынку царквы стала знаходзяцца 32 чалавекі. Яшчэ 94 – прыходзяць начаваць. У рэгіёнах галадоўку трымаюць 25 вернікаў-пратэстантаў.



Фотарэпартаж



























XS
SM
MD
LG