Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Рынкевіч расказаў Свабодзе пра наведваньне А.Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін і ў калёніі не прызнае сябе вінаватым. Ён рыхтуецца да палітычнай галадоўкі. З палітыкам у калёніі ўпершыню сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч.

10 кастрычніка ў віцебскай калёніі “Віцьба-3” адбылася першая сустрэча адваката з Аляксандрам Казуліным. Адвакат Ігар Рынкевіч паведаміў “Свабодзе” падрабязнасьці пра знаходжаньне ў калёніі былога кандыдата на прэзыдэнта. Адна з красамоўных дэталяў — тое, як Аляксандар Казулін падпісваецца пад афіцыйнымі паперамі, якія яму даюць на подпіс.

(Рынкевіч: ) “Па-першае, ён паўсюль падпісваецца словамі “незаконна асуджаны Казулін”. Па-другое, ён не падпісаў дагэтуль абавязаньня аб законапаслухмяных паводзінах. Ён заяўляе, што, цытую, “зьмешчаны ў крымінальны асяродак на падставе незаконнага прысуду. Дык як жа мяне зьбіраюцца выхоўваць, на які шлях выпраўленьня зьбіраюцца паставіць?”. Ён кажа, што будзе весьці барацьбу не з рэжымам у калёніі, а з антыканстытуцыйным рэжымам у краіне”.

Паводле адваката Рынкевіча, Аляксандар Казулін не адмовіўся ад ідэі распачаць 20 кастрычніка палітычную галадоўку. Нагадаем, палітык лічыць, што выбары прэзыдэнта не адбыліся і тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі закончыўся, а таму ўлада ў краіне мусіць перайсьці да прэм’ера, які мусіць прызначыць новыя выбары.

Выглядае Аляксандар Казулін бадзёра, настрою не згубіў, кажа пра палітыка адвакат Ігар Рынкевіч. Пры гэтым ён паведамляе, што азнаёміўся з вынікамі мэдычнага агляду Казуліна, зь якога вынікае, што ў яго знайшлі захворваньне храбта. Адвакат нагадаў, што скардзіцца на болі ў сьпіне Аляксандар Казулін пачаў пасьля затрыманьня 25 сакавіка. Тады Казуліна, паводле яго словаў, зьбівалі нагамі супрацоўнікі спэцаддзелу міліцыі “Алмаз”.

Працы Аляксандар Казулін ў калёніі яшчэ не атрымаў. Адвакат не выключае, што яго падабароннаму дадуць магчымасьць працаваць у бібліятэцы, паколькі “сапраўды такая вакансія ёсьць”. Стаўленьне Аляксандра Казуліна да супрацоўнікаў калёніі адвакат назваў “цярплівым”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў падчас сакавіцкай прэзыдэнцкай кампаніі.
XS
SM
MD
LG