Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пахаваньні Паліткоўскай гаварылі аб крызісе дэмакратыі ў Расеі


Радыё Свабода Сёньня на Траекураўскіх могілках Масквы пахавалі расейскую журналістку Ганну Паліткоўскую, забітую ў пад’езьдзе свайго дому ў мінулую суботу. Паліткоўская была адной з самых рэзкіх крытыкаў палітыкі Крамля ў Чачні. Разьвітацца з журналісткай на Траекураўскія могілкі прыйшло некалькі соцень чалавек.

Старшыня саюзу радыё і тэлежурналістаў Эдуард Сагалаеў

(Сагалаеў: ) "Адна з прычын гібелі Ганны - гэта дэфіцыт праўды ў нашай дзяржаве, у нашым грамадзтве. Калі б яго не было, калі б было больш магчымасьцяў казаць праўду, выказваць розныя пункты гледжаньня на тое, што адбываецца ў краіне, можа, такіх трагедыяў было б менш".

Тыя, хто прыйшлі на Траекураўскія могілкі, казалі ня толькі пра Паліткоўскую, але і пра грамадзтва, у якім стала магчымым такое забойства.

Грыгоры Яўлінскі, старшыня партыі “Яблоко”: “Гэта злачынства, гэта змаганьне ўлады з апазыцыяй”.

Старшыня партыі СПС Нікіта Белых: “Улада павінна раскрыць гэтае злачынства, каб ня даць сябе скампрамэтаваць”.

Дзіцячы доктар Леанід Рашаль, які вёў перамовы з тэрарыстамі ў Норд-Осьце: “Больш сумленнага журналіста і больш сьмелай жанчыны я ня ведаў і не буду ведаць ніколі”

Дэпутат Дзярждумы Аляксандар Лебедзеў, уладальнік "Новай газэты" , у якой працавала Паліткоўская: “Сьмерць Паліткоўскай гаворыць аб тым, што прафэсійная журналістыка ў Расеі яшчэ жыве”.

Упаўнаважаны Расейскай Фэдэрацыі ў правах чалавека Ўладзімер Лукін.

(Лукін: ) "Шмат разоў на самым высокім узроўні я зьвяртаў увагу нашых уладаў на тое, што становішча з нашымі журналістамі кепскае і іх трэба абараняць. На жаль, сытуацыя мяняецца не да лепшага".

Шмат хто зьвярнуў увагу, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ніяк ня выказаўся з нагоды забойства вядомай журналісткі. Праўда, учора ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам Пуцін паабяцаў, што для раскрыцьця злачынства будзе зроблена ўсё магчымае.

Гаворыць дарэктар Маскоўскай гэльсынскай групы, ветэран дысыдэнцкага руху ў СССР Людміла Аляксеева

(Аляксеева: ) "У такім выключным выпадку, як забойства такой міжнародна вядомай, паважанай журналісткі павінен выступіць прэзыдэнт краіны і даць ацэнку гэтай падзеі. Ня Буш, прэзыдэнт Злучаных Штатаў, а расейскія грамадзяне хочуць пачуць, што думае на гэты конт прэзыдэнт Расеі і ці можа ён абяцаць бясьпекі іншым журналістам, якія спрабуюць ісьці шляхам Ганны Паліткоўскай, гэта значыць быць сумленнымі журналістамі".
XS
SM
MD
LG