Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Альфер: “Хутка і ўваход у кватэры стане магчымым толькі з дазволу ўладаў”


Уладзімер Глод, Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка падпісаў ўказ пра правядзеньне 14 студзеня выбараў у мясцовыя саветы. Гэтыя выбары, адрозна ад усіх папярэдніх, пройдуць за адзін тур. Цяпер дэпутатам адразу стане той кандыдат, які набярэ ў сваёй акрузе найбольш галасоў. Раней для перамогі ў першым туры патрэбная была абсалютная большасьць — гэта значыць, падтрымку паловы выбаршчыкаў плюс адзін голас.

Правядзеньне мясцовых выбараў за адзін тур прадстаўнікі ўладаў тлумачаць дзьвюма прычынамі — эканоміяй і жаданьнем атрымаць дзейны склад рэгіянальных прадстаўнічых органаў як мага хутчэй. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына гаворыць, што новыя правілы не паўплываюць нэгатыўна на яўку выбарцаў:

(Ярмошына: ) “Я думаю, насельніцтва будзе гэтак жа ўдзельнічаць у выбарах, як яно рабіла і раней. Яно раней атрымае правамоцныя мясцовыя органы ўлады. Яны будуць сфармаваныя за адзін тур”.

Выканаўцу абавязкаў старшыні Беларускай сацыл-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча спрашчэньне выбарчага заканадаўства насьцярожвае:

(Ляўковіч: ) “Зразумела, з аднаго боку, на першы погляд, гэта больш дэмакратычная працэдура. Але я прагназую, што гэта толькі першая абкатка. А потым яна паўтарыцца на парлямэнцкіх выбарах. А потым будзе ўжытая на наступных прэзыдэнцкіх выбарах”.

Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер лічыць, што адмена другога туру толькі выглядае як самая адметная рыса новых выбараў. Апошнія папраўкі ў выбарчае заканадаўства робяць умовы правядзеньня выбарчай кампаніі для апазыцыі вельмі складанымі. Прыкладам, фактычна ліквідуецца інстытут сустрэчаў з выбарцамі на вуліцах, цьвердзіць спадар Альфер:

(Альфер: ) “У нас дайшло да таго, што апазыцыйныя структуры, каб данесьці свае погляды да выбарцаў, мусяць прасіць улады: дазвольце нам, дзейная ўлада, данесьці свае погляды выбарцам. Якая ж улада на гэта пойдзе?! Такім чынам, цяпер сустрэчы з выбарцамі і дэ-юрэ і дэ-факта можна праводзіць толькі калі хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Але, думаю, хутка і ўваход у кватэры стане магчымым толькі з дазволу ўладаў”.

Пакуль апазыцыйныя партыі, якія ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, выказваюцца за ўдзел у мясцовых выбарах. За байкот гэтай кампаніі выказаўся толькі лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.
XS
SM
MD
LG