Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пан Гі Мун — кандыдат на Генэральнага сакратара ААН


Ігар Карней, Радыё Свабода Рада Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН) рэкамэндавала прызначыць міністра замежных справаў Паўдзённай Карэі Пан Гі Муна Генэральным сакратаром ААН. Кандыдатуру генсэка павінна зацьвердзіць Генэральная асамблея ААН дзьвюма трацінамі галасоў, аднак дагэтуль усе асобы, прапанаваныя Радай Бясьпекі, прымаліся кансэнсусам. Як лічаць назіральнікі, і гэтым разам працэдура будзе гарантаваная. У сваю чаргу, Аляксандар Лукашэнка, якому двойчы ўдалося выступіць з трыбуны ААН, ужо назваў Пан Гі Муна “вясельным генэралам”, ад якога нічога не залежыць.

62-гадовы карэйскі палітык рэкамэндаваны на пасаду Генэральнага сакратара ААН без галасаваньня, поўным кансэнсусам. Мяркуючы па ўсім, менавіта Пан Гі Мун зьменіць дзейнага кіраўніка арганізацыі Кофі Анана, другі пяцігадовы тэрмін якога завяршаецца 31 сьнежня 2006 году.

Асоба Пан Гі Муна мала знаёмая беларускім палітыкам і афіцыйным уладам. Паводле біяграфічных зьвестак, ён кар’ерны дыплямат, вядомы сьмелымі ініцыятывамі на тле ўласьцівых усходнім людзям мяккіх манэраў. Замежнапалітычнае ведамства Паўдзённай Карэі ўзначальвае ад пачатку 2004 году. Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, які неаднойчы браў удзел у міжнародных канфэрэнцыях у Сэуле ды іншых гарадах, кажа пра надзвычай высокі рэйтынг Пан Гі Муна, які за сорак гадоў дыпляматычнай кар’еры не нажыў сабе ворагаў ні дома, ні ў сьвеце.

(Шушкевіч: ) “Ведаю, што ён там вельмі аўтарытэтны чалавек. Пра гэта была неаднойчы гаворка, бо ў нас калі прадстаўнікі карэйскага МЗС выступалі на канфэрэцыях, многія пачыналі словамі: як лічыць наш міністар і гэтак далей. А міністар лічыць адназначна: трэба рэфармаваць ААН”.

Іншае меркаваньне ў Аляксандра Лукашэнкі. Некалькі дзён таму падчас “Дажынак” у Бабруйску ён заявіў, што ня бачыць у кіраўніку ААН самастойнай асобы. А што да прызначэньня, то, паводле Лукашэнкі, у ААН зьявіцца чарговы “вясельны генэрал”, тады як агульную палітыку будуць рабіць багатыя краіны на чале з ЗША. З гэтым ня згодны спадар Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Ну што вы? Гэта дзейны палітык, малады й разумны. Ня роўня тым, хто такое пра яго гаворыць. Я вельмі шкадую, што не атрымалася зь ім сустрэцца. Бо калі ў нас бывалі ў Паўдзённай Карэі канфэрэнцыі, звычайна ён быў альбо ў ААН, альбо яшчэ дзесьці за мяжой. Вельмі актыўна займаўся працай як міністар замежных справаў”.

Якія рэальныя ініцыятывы можа прынесьці ў штаб-кватэру ААН Пан Гі Мун? Станіслаў Шушкевіч лічыць, што яны, перадусім, могуць быць зьвязаныя з рэалізацыяй ідэяў у рэчышчы рэлігійнай цярпімасьці.

(Шушкевіч: ) “У Карэі ўвогуле ёсьць такая ініцыятыва, каб у ААН былі ўлічаныя падыходы рэлігійныя. Філіпіны, Карэя ўздымаюць такое пытаньне — трэба, каб быў нейкі орган у ААН (магчыма, дарадчы) вышэйшых герархаў розных рэлігіяў. Прадстаўнікі МЗС гаварылі, што гэтае пытаньне ўжо ў зоне ўвагі структураў, якія займаюцца замежнай палітыкай Паўдзённай Карэі. І гэта я на ўласныя вушы чуў”.

Выбары кандыдата на пасаду Генэральнага сакратара ААН праходзілі фактычна безальтэрнатыўна, паколькі да фіналу дайшоў толькі Пан Гі Мун. Два ягоныя асноўныя канкурэнты сышлі з дыстанцыі на мінулым тыдні. Гэта прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга й былы віцэ-прэм’ер Тайлянду Суракіят Сатыентай. Яшчэ раней адмовіліся ад барацьбы былы міністар фінансаў Аўганістану Ашраф Гані, сталы прадстаўнік Ярданіі пры ААН Заід аль-Хусэйн і індыец Шашы Тарур. Аднак на тле напружанасьці на Карэйскай паўвысьпе пасьля праведзенага Паўночнай Карэяй ядзернага выпрабаваньня кандыдатуру Пан Гі Муна аднагалосна расцанілі як цалкам лягічную.
XS
SM
MD
LG