Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Небясьпечна быць журналістам Радыё Свабоды”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 10 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Марыя Бартось, в.Квасоўка, Гарадзенскі р-на: ) “Дзякуй Вам, Іна Кулей, дзякуй. Вы, як тыя бярозкі, засьцерагаеце нас ад ветру. Колькі дабрыні, павагі і ласкі да нас, беларускага народу! Вы заслугоўваеце лідэрства ўсе, хто стаіць за праўду, за народ, які даведзены да адчаю, стаптаны, даведзены да галечы і турмаў. Я была ў тых мясьцінах, дзе тысячы людзей пасьля выбараў страцілі ўсякую надзею на перамогу. Артыкулы Анатоля Лябедзькі, Калякіна мы носім каля сэрца. Народ за Вас! І мы з Вамі!”

(Валянціна, Глыбокае: ) “У маёй кватэры партрэт Аляксандра Мілінкевіча. Гэта як надзея, што Беларусь выпакутуе свайго Саакашвілі, свайго Юшчанку. Асобу, якая прымусіць адчуць, што другога шляху няма, як людзьмі звацца. І беларусы адчулі, што Мілінкевіч асоба. Я ня веру, што галасавала за яго толькі 20 %. Дакуль будуць гэтыя бясконцыя спрэчкі ў апазыцыі? Лябедзька, бачыце, колькі год пералапачваў, ну і што? Дзякуй. За сабой вядуць асобы. Колькі можна слухаць бясконцыя палітычныя імправізацыі Хадыкі? Дзе ён быў, калі стаяла Плошча Каліноўскага, наша моладзь? А ў камуністах людзі наогул зьверыліся. Ну ніяк ня могуць падзяліць лідэрства! Можа крэсла прэзыдэнта? Было б гэта сьмеху варта, калі б не так балюча Беларусі. Ці любяць яны па-сапраўднаму яе? Нядаўна на аўтобусным прыпынку была сьведкай гаворкі. На спакойнае пярэчаньне, што беларусы больш ня будуць класьціся пад танкі за імпэрыю, сталы грамадзянін закрычаў: “Пойдзеце пад танкі, калі пагоняць! Савецкі Саюз ёсьць і будзе!”

(Спадар: ) “Расейскія імпернікі – гэта народныя акупанты. За ўсю гісторыю колькі яны ўжо спрабуюць усыпіць блізкія рэспублікі і далёкія народы! А цяпер напалі на гэтую маленькую краіну Грузію. Хочуць яны таксама ўсыпіць, як Чачэнію. Але я спадзяюся, ён ня здасьць. Гэта краіна ваяўнічая і такая мафіёзная, анархічная краіна, краіна турмаў”.

(Язэп Курыла: ) “Хачу выказаць свае погляды на ўзаемадачыненьні Расеі і Беларусі ў сувязі з грузінскім канфліктам. Будзе ісьці гандаль, і калі Лукашэнка праявіць цьвёрдасьць, то можа дасягнуць многага. Трэба ўлічваць тое, што першы выступ Грузіі не зьяўляецца апошнім, а яшчэ будзе гандаль весьціся на гэтай тэме”.

(Васіль Цюхай, Бярэзіна: ) “Добры дзень. Дзяржава пазбаўляе правоў сваіх жа грамадзянаў, якія нелегальна працуючы ў Маскве спрабуюць пракарміць свае сем’і замест таго, каб знайсьці і пакараць расейскіх бандытаў, якія рабуюць і забіваюць беларусаў. З “бацькам” вельмі не пашанцавала беларускаму народу. І што непрыемна, даволі значная частка народа любіць яго і падтрымлівае ягоныя карныя захады, не саромеючыся выказваць кпіны. І яшчэ я хацеў бы коратка пракамэнтаваць “Праскі акцэнт”. Экспэрт Сьвятлана Калінкіна выказала меркаваньне, што Масква можа прымусіць Лукашэнку правесьці рэфэрэндум па ўваходжаньню ў склад Расеі. Але калі Лукашэнка не захоча ўваходзіць, а ён не захоча, акрамя як у якасьці прэзыдэнта Расеі і Беларусі. Дык нам няма чаго баяцца фармальнай страты незалежнасьці. Ці ў нас ў першыню рэфэрэндум?”

(Спадар: ) “Пра небясьпечную прафэсію журналіста. Прыстойнага журналіста, які добрасумленна выконвае свае абавязкі, вельмі цяжка знайсьці ў горадзе Менску, то бок за такую працу “пярэваратні” могуць лёгка забраць у іх жыцьцё. Улады ня будуць шукаць забойцаў ці іх заказчыкаў. Вельмі небясьпечна і цяжка быць у Беларусі прыстойным грамадзянінам і займацца выкананьнем сваіх абавязкаў, бо “пярэваратні” прадстаўляюць бальшыню і ў іх пад рукой маюцца карныя структуры і абарона, што б яна не рабілі”.

(Анастас Семяновіч: ) “Паважанае спадарства Радыё Свабоды. Добры дзень. На пытаньне тыдня. Нашым журналістам у дадзены час фізычнае зьнішчэньне не пагражае. Тое, што адбываецца ў мафіёзнай Расеі, пуцінскай, гэта звыклая зьява. Для іх ніякай дэмакратыі не існуе. Тое, што пуцінскія мафіёзьнікі забілі таленавітую журналістку Ганну Паліткоўскую, лішні раз пацьвярджае, што ніякай дэмакратыі няма. Нашыя лукашысты абралі іншы шлях. Пасьля забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Красоўскага, Завадзкага і дапамаглі заўчасна памерці Генадзю Карпенку яны пралічыліся. Думалі, што пра гэта пагавораць тыдзень-другіі і забудуць. А атрымалася адваротнае. Пасьля іх, яны абралі зьнішчэньне газэтаў незалежных: “Свабода,” “Беларуская маладзёжная” і многа іншых газэтаў. Цяпер гоняць у падпольле “Народную Волю,” “Нашу Ніву” і іншыя газэты. Аб’ектыўная інфармацыя для лукашыстаў – гэта сьмерць. Акрамя хлусьні яны нічога ня хочуць ведаць”.

(Спадарыня, Магілёў: ) “Што можа пагражаць журналістам беларускага тэлебачаньня на ўсіх каналах, якія расказваюць пра лукашэнкавы дасягненьні і сьвяты, ды пры сытых і задаволеных усім людзей, якіх у Беларусі ня больш за 15%. Астатняе насельніцтва, якое жыве ў беднасьці і жабрацтве, іх не цікавіць і не хвалюе. Такіх журналістаў чакаюць прэміі і ўзнагароды. Такім журналістам, як Завадзкі Зьміцер, адназначна быць небясьпечна. Цудам удалося пазьбегнуць страшнага пакараньня Паўлу Шарамету. Але небясьпечна быць журналістам і Радыё Свабоды”.
XS
SM
MD
LG