Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як правільна трымаць галадоўку?


Радыё Свабода Якія наступствы могуць чакаць чалавека, калі ён адмовіўся прымаць ежу? Як трэба выходзіць з галадоўкі? Меркаваньні лекараў.

Паводле былога чыноўніка Міністэрства аховы здароўя, лекара Дзьмітры Міхнюка, самая небясьпечная – гэта сухая галадоўка, калі чалавек адмаўляецца прымаць ваду. А да мокрай трэба рыхтавацца так:

(Міхнюк: ) “Перад тым, як пачаць галадаваць трэба апаражніць страўнік, то бок прыняць слабіцельныя і зрабіць клізму. Гэта вельмі важна, каб не ішло атручэньне шлакамі, якія ёсьць у арганізьме. Другі момант – гэта прымаць у дастатковай колькасьці ваду, ня менш за 2 літры. Хаця піць і не хочацца, усё роўна ня менш за 2 літры ў суткі. Ну, і самае галоўнае для пачатку, гэта павінны быць фізычна здаровымі людзі, у якіх няма захворваньняў сэрца, пячонкі, іншых органаў”.

Спадар Міхнюк кажа, калі пачынаюцца галавакружэньні, слабасьць, баліць галава, то трэба зьвяртацца да лекара. Першыя 10-15 дзён пры прыёме дастатковай колькасьці вады галаданьне не выклікае вялікіх наступстваў. Але потым могуць пачацца небясьпечныя працэсы.

(Міхнюк: ) “Слабее дзейнасьць органаў і сыстэм і найперш сэрца. І калі працягваць галадаваць 20-30 сутак можа наступіць лятальны зыход”.

Выязны фэльдшар вышэйшай катэгорыі з Жодзіна Аляксандар Валчанін кажа, калі чалавек пачаў галадаваць, то трэба абавязкова сачыць за ціскам. Я пацікавіўся, ці ёсьць нейкі адмысловыя прыёмны піцьця вады?

(Валчанін: ) “Піць трэба як пры кропельніцы. Глыток выпіў, прайшоў нейкі час, зноў глыток. Пастаянна, крыху піць”.

Спадар Валчанін кажа пра наступствы галадоўкі для здароўя з псыхалягічнага боку. Ён раіць галадаваць як меней удвох ці ўтрох.

(Валчанін: ) “Абавязкова псыхалягічны стан, таму што галадоўка можа прывесьці да самагубства. І калі выходзіць з галадоўкі патрэбен вельмі добры псыхоляг”.

Які самы непрыемны момант перажываюць галадоўнікі? Пытаньне да спадара Міхнюка:

(Міхнюк: ) “Калі абкладае язык, ён становіцца сухім і здаецца ён такім вялікім, на ім асядае такі налёт. Вось гэта самае непрыемнае. Адчуваньне такога лішняга свайго языка ў роце”.

Спадар Валчанін дадае:

(Валчанін: ) “Арганізм сам сябе пачынае паядаць. Гэта паяданьне самога сябе. Інтаксыкацыя нікуды ж не выходзіць. Яна ўся ў арганізьме і застаецца. Галадоўка – гэта апошні крок. Лепей не галадаваць”.

А як да галадоўкі пратэсту ставіцца спадар Міхнюк?

(Міхнюк: ) “Канешне, я разумею, што гэта крык душы, адчаю чалавека, які ня бачыць ужо ніякіх іншых мэтадаў зьвярнуць увагу на той ці іншы працэс. Для мяне гэта зразумела і я разумею гэтых людзей.”

Лекары кажуць, што ёсьць розныя мэтодыкі выхаду з галадоўкі. Спадар Валчанін рэкамэндуе пры выхадзе есьці кашы, запраўленыя алеем. Паводле спадара Міхнюка, у першы дзень выхаду можна піць разьведзены сок, потым 1-2 дні натуральны сок, а потым пераходзіць на харчаваньне працёртай гароднінай. А потым пакрыху дадаваць у рацыён іншыя прадукты.

(Міхнюк: ) “Звычайна так лічыцца, што фаза выхаду з галадоўкі павінна цягнуцца столькі, колькі дзён галадавалі: галадавалі 15 дзён вось 15 дзён і трэба выходзіць”.

Абодва лекары падкрэсьліваюць: любая галадоўка павінна праходзіць пад наглядам лекараў.
XS
SM
MD
LG