Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці эфэктыўныя галадоўкі?


Ігар Карней, Менск Апошнім часам дзеля вырашэньня канфліктных сытуацый як палітыкі, так і шараговыя грамадзяне ўсё часьцей зьвяртаюцца да такой скрайняй меры як галадоўка. Што штурхае людзей на падобныя крокі і ці ёсьць плён ад такой формы супраціву?

У мінулую пятніцу распачалі галадоўку вернікі выселенай раней з будынку, царквы “Новае жыцьцё”. Да іх далучыліся актывісты незарэгістраванага “Маладога фронту”, якія ня толькі выказваюць салідарнасьць зь вернікамі, але і пратэстуюць супраць арыштаў сябраў сваёй арганізацыі.

Больш за тыдзень супраць ўціску на сябраў Беларускага незалежнага прафсаюзу бабруйскага прадпрыемства “Белшына” галадуе намесьніца старшыні гэтай суполкі Алена Захожая.

Праўда, юрыст Акцыянэрнага таварыства “Белшына” Таісія Пячорына кажа, што ніякай цкаваньня сябраў незалежнага прафсаюзу няма і ўчынак спадарыні Захожай яна не ўхваляе.

(Пячорына: ) “Я ня думаю, што тут камусьці цяжка, таму што калі гэты прафсаюз і існуе, то пра яго тут ніхто ня ведае. А пра прафсаюз павінны ведаць, ці не так? Ён мусіць якімсьці чынам сябе выяўляць – не галадоўкамі, а чымсьці, пэўна, іншым. А прафсаюзу, шчыра кажучы, у аднолькавым становішчы. Якая розьніца незалежны ці “залежны”? Вы што, лічыце, што калі дзяржаўны, дык абавязкова “залежны”? У прафсаюзах ніхто нікога не цкуе. Тым больш, на нашым прадпрыемстве, гэта дакладна”.

Галадоўка пратэсту – акт адчаю. Яна хоць і лічыцца не сілавой формай пратэсту, але ўсё ж экстрэмальнай. Аднымі зь першых у гісторыі сувэрэннай Беларусі палітычную галадоўку абвясьцілі тагачасныя лідэры Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык. Пасьля затрыманьня ў красавіку 1996 году палітыкі 25 дзён пратэставалі супраць незаконнага, на іх перакананьне, арышту. У тым выпадку яны перамаглі – праўда, коштам сапсаванага здароўя. Больш чым праз 10 гадоў пасьля той гісторыі я пацікавіўся ў спадара Сіўчыка: ці згодны ён, што палітычныя галадоўкі ў Беларусі сталі настолькі звыклай зьявай, што ўлады папросту перасталі рэагаваць на іх?

(Сіўчык: ) “Нават тыя галадоўкі, якія лічацца ў Беларусі непасьпяховымі, пэўную карысьць беларускаму грамадзтву прыносяць. У зьвязку з тым, што Лукашэнка пры ўладзе 13-ы год, у нас ужо практычна ўсе маральныя арыенціры страчаныя і магчыма ўсё. Усё ж асабістыя пакуты чалавека прымушаюць яго рабіцца лепшым. І гэта відавочна, прынамсі, для мяне асабіста… Шкада, што людзі, якія кладуцца супраць палітычных рэпрэсіяў, супраць таго, каб наша Бацькаўшчына згубіла незалежнасьць і г.д., яны трапляюць у інфармацыйны вакуум і ня могуць атрымаць падтрымкі ад грамадзтва. Бо грамадзтва нашае такое ж, як і ў іншых краінах. Калі б беларусы ведалі пра гэтыя галадоўкі, то яны б іх падтрымалі. Яны нармалёвыя людзі”.

Гучны рэзананс мела ў 2004 годзе амаль трохтыднёвая галадоўка дэпутатаў парлямэнцкай групы “Рэспубліка”. Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч, Валеры Фралоў, а таксама палітык Віктар Івашкевіч пратэставалі супраць чарговых зьменаў выбарчага заканадаўства.

Масавы характар набыло сёлетняе галадаваньне актывістаў “Маладога фронту” у Салігорску. Неўзабаве пасьля абвяшчэньня мэты акцыі -- супраць перасьледу лідэраў арганізацыі -- пачалі пратэставаць некалькі дзесяткаў чалавек па ўсёй краіне.

У розныя часы за кратамі абвяшчалі галадоўку Валеры Леванеўскі, Міхаіл Марыніч. Супраць закрыцьця ваўкавыскай “Местной газеты” галадаваў выдавец Андрэй Шантаровіч.

Самыя працяглыя галадоўкі на рахунку прадпрымальнікаў – уладальніка службы таксовак у Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і прадпрымальніцы зь Берасьця Любові Разановіч. Абвясьціў пра свой намер пачацца 20 кастрычніка галадоўку былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін.

Бальшыня тых, хто браў удзел у галадоўках, наракаюць на інфармацыйны вакуум, які перашкаджае разьлічваць на вялікі плён ад такіх акцый. Між тым, у некаторых выпадках іншай альтэрнатывы, каб зьвярнуць увагу на свае праблемы, у людзей не застаецца.
XS
SM
MD
LG