Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Часьцей зьнікаюць мужчыны, якія любяць выпіць”


Міхал Карневіч, Горадня Бюро няшчасных выпадкаў у Горадні існуе пры абласным Ўпраўленьні ўнутраных спраў паўтара году. Тут займаюцца пошукам зьніклых людзей. За час існаваньня бюро зарэгістраваны 2270 зваротаў гарадзенцаў. У 352 выпадках супрацоўнікі бюро дапамаглі знайсьці зьніклых сваякоў й сяброў.

(Тэлефонны званок: ) “Добры дзень, мне ваш тэлефон далі ў міліцыі”.

(Рэгістратар: ) “Слухаем вас”.

(Тэлефонны званок: ) “У мяне такая сытуацыя: у пятніцу муж пайшоў з хаты й дагэтуль яго няма”.

Я знаходжуся ў невялікім кабінэце Гарадзенскага бюро няшчасных выпадкаў. Дзяжурны рэгістратар працягвае размову па тэлефоне й натуе дадзеныя зьніклага чалавека.

Пытаюся ў начальніцы бюро Анастасіі Мурынай.

(Карэспандэнт: ) “І як вы будзеце шукаць гэтага чалавека?”

(Мурына: ) “У першую чаргу мы пачынаем тэлефанаваць у шпіталі, большасьць людзей, як правіла, знаходзім там. А на другім месцы -- нашыя адзьдзяленьні міліцыі. Туды людзі часта трапляюцца нападпітку”.

Анастасія Мурына дадае: часам тэлефануюць да іх са шпіталя альбо з таго ж адзьдзяленьня міліцыі й кажуць, што ў іх знаходзіцца чалавек й трэба тэрмінова знайсьці яго родных.

(Мурына: ) “Быў такі выпадак, калі нам патэлефанавалі са шпіталя й сказалі, што мэдыкі падабралі на вуліцы мужчыну й зараз аказваюць яму мэдычную дапамогу. Сказалі яго дадзеныя. Мы праз адраснае бюро знайшлі ягоную жонку й паведамілі, дзе цяпер ейны муж. Яна гэтага не чакала, бо адправіла яго ў краму за хлебам. А ў яго забалела сэрца”.

Да нашай размовы далучаецца старэйшая рэгістратарка Тацьцяна Лужыцкая. Яна распавядае пра адзін зь сёньняшніх выпадкаў:

(Лужыцкая: ) “З 2-га абласнога шпіталю патэлефанавалі й сказалі, што ў іх памёр дзядуля, а яны ня ведаюць, дзе знаходзіцца ягоная радня. Я датэлефанавалася ў сельсавет у Лабна, знайшла там тэлефон аднавяскоўцаў й перадала гэтую навіну”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, а як вы кажаце людзям пра сьмерць іх блізкіх?”

(Мурына: ) “Аб гэтым вельмі цяжка казаць. Мы заўсёды імкнемся казаць карэктна, але гэта вельмі цяжка”.

Тэлефон на нейкі час змоўк. Рэгістратарка Натальля зазначае, што званкоў найбольш пасьля выхадных.

Зноў пры мікрафоне Анастасія Мурына:

(Мурына: ) “Часьцей за ўсё зьнікаюць мужчыны. Яны да ўсяго любяць выпіць. Ёсьць выпадкі, калі зьнікаюць й дзеці, але гэта бывае зрэдку. Здараецца, што й мужчыны шукаюць сваіх жонак. Асабліва цяжка, калі зьнікаюць дзеці, хвалюесься, нават уначы ня сьпіш, тэлефануеш на працу, высьвятляеш, ці знайшоўся чалавек. Напэўна гэта самае цяжкае”.

Натальля зрабіла ўжо некалькі тэлефонных званкоў у розныя інстанцыі па пошуку зьніклага сёньня мужчыны й пакуль толькі адзін адказ:

(Адказ са шпіталя: ) “Няма...”
XS
SM
MD
LG