Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя заробкі беларусаў цікавяць урад усё больш


Радыё Свабода, Менск Каля аднаго мільёна беларускіх грамадзянаў ня ўцягнутыя ў легальную працоўную дзейнасьць. Пра гэта паведаміў першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксей Бягун. Таму МУС мае намер правесьці маніторынг працоўнай занятасьці насельніцтва і падрыхтаваць прапановы для ўнясеньня зьмяненьняў у заканадаўства, каб навесьці парадак

Гэты мільён беларусаў, паводле прадстаўніка Міністэрства ўнутраных справаў, – эканамічна актыўнае насельніцтва. Сярод іх і хатнія гаспадыні, і часова беспрацоўныя. Але значная частка з гэтага мільёну працуе нелегальна, прычым як у Беларусі, так і за мяжой. Толькі ў Расеі на заробках нелегальна працуе больш за 300 тысяч беларусаў. (Для параўнаньня: афіцыйна ў Расеі працуе 3-4 тысячы беларусаў, у іншых краінах – яшчэ 3 тысячы). Падаткі ў бюджэт Беларусі яны не плацяць.

Таму адпаведныя службы – МУС, Міністэрства працы ды іншыя – маюць намер навесьці парадак у сфэры працоўнай дзейнасьці. Вось як патлумачыў мэты маніторынгу першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксей Бягун:

(Бягун: ) “Каб даць магчымасьць людзям у дэкляратыўным парадку заяўляць пра тое, што яны займаюцца аплачваемай працоўнай дзейнасьцю па-за межамі дзяржавы і маглі б па вызначанай плянцы плаціць падаткі і ў бюджэт, і ў пэнсійны фонд”.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што справа зусім ня ў лічбах, колькі легальна ці нелегальна працуе, а ў непрывабным падатковым заканадаўстве Беларусі.

(Залескі: ) “Людзям нецікава паказваць прыбыткі, атрыманыя за мяжой. Наша краіна дэ-факта не зацікаўленая ў тым, каб грошы прыцягваліся з-за мяжы. Армяне 80% валютных паступленьняў атрымліваюць ад дыяспары армянскай з-за мяжы. Зараз падчас візыту армянскага кіраўніка да Пуціна гучала, што яны атрымліваюць грошы ад людзей, якія працуюць за мяжой. Гэта ўхваляецца! Едзь куды хочаш: у Ірляндыю, у Беларусь, у Аўстралію, зарабляй, прысылай дадому грошы, і ты там будзеш падаткамі абкладацца па ільготных умовах. Па законах аб падвойным падаткаабкладаньні табе лепей плаціць дома, а не за мяжой. А мы што? Вось пра што трэба весьці гаворку, а не пра тое, што іх там многа альбо мала”.
XS
SM
MD
LG