Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забеспячэньне чэкаў "Жыльлё" хочуць перакласьці на мясцовыя бюджэты


Уладзімер Глод, Менск Прыкладна каля 150 тысяч беларусаў да канца сёлетняга году могуць перарэгістраваць свае чэкі "Жыльлё", якія яны яшчэ ня выкарысталі. Менавіта такую лічбу назваў міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі краіны Ўладзімер Белахвостаў, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. Міністар сказаў, што абласныя і менскі гарадзкі выканкамы пры фарміраваньні бюджэтаў мусяць прадугледжваць сродкі неабходныя для пагашэньня чэкаў.

Уладзімер Белахвостаў спасылаецца на тое, што варыянт з рэгіянальнымі бюджэтамі абраў вышэйшы кіраўнік Беларусі. І гэтая норма замацаваная ў адпаведным дэкрэце ад 28 жніўня 2006 году:

(Белахвостаў: ) "Гэты дэкрэт прадугледжвае -- пачынаючы з 1 студзеня 2007 году, абласныя і менскі гарадзкі выканкамы штогод пры фармаваньні бюджэтаў павінны прадугледжваць грашовыя сродкі на гэтыя мэты. На 2007-ы год заплянавана 27 мільярдаў рублёў. Будзем думаць, што дзесьці 20-24 мільярды ў бюджэтах трэба прадугледжваць. Вось такія лічбы з прагнозу".

Дэкрэт прадугледжвае правы грамадзянаў на індэксацыю чэкаў "Жыльлё", іх адчужэньне блізкім сваякам, а таксама выкарыстаньне пры будаўніцтве і рэканструкцыі ды іншыя мэты, зьвязаныя выключна з жыльлём. Дзеяньне дакумэнта распаўсюджваецца толькі на тых уладальнікаў чэкаў, хто стаіць у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Больш падрабязна пра ўсё гэта будзе прапісана ў спэцыяльнай пастанове ўраду, якую цяпер рыхтуюць.

Дэпутат Віктар Кучынскі гаворыць, што рэгіянальныя бюджэты і так вельмі абмежаваныя:

(Кучынскі: ) "Гэта нерэальна. Ня будзе сродкаў. Мабыць, патрэбна закладаць у рэспубліканскім бюджэце значныя грашовыя сродкі, каб чэкі "Жыльлё" мелі поўнае фінансавае забесьпячэньне. Інакш зноў нічога ня будзе. Мы расьцягваем гэтую праблему, як спружыну. А потым шукаем варыянты. Атрымліваецца, аддалі людзям быццам бясплатна, а пасьля забіраем назад. І не патрэбна ператвараць гэты чэк у нейкую пазыку дзяржавы людзям, якая ня будзе выканана. У нас і так гэтых праблемаў больш, чым дастаткова".

Эканаміст Яраслаў Раманчук цьвердзіць, калі ў рэспубліканскі бюджэт не закласьці названыя выдаткі, дык на месцах ня знойдуць неабходныя сумы:

(Раманчук: ) "У апошнія тры гады ёсьць відавочная тэндэнцыя -- пашырэньне фінансавых абавязкаў мясцовых органаў улады пры цэнтралізацыі прыбыткаў дзяржавы. Такім чынам, павялічваецца розьніца паміж грашыма, якія ёсьць у мясцовай улады і тымі выдаткамі, якія яны мусяць рабіць. Калі яшчэ і гэтыя выдаткі на іх пакладуць, дык і выконваць будуць адпаведна -- па кроплі ў год. Калі з гэтых 150 тысяч людзей 10 тысяч нешта зробяць, дык і будзе добра. А калі ўспомніць, колькі людзей атрымалі гэтыя чэкі і колькі маглі атрымаць тэарэтычна, дык па сутнасьці схема, паводле якой кожны грамадзянін Беларусі павінен быў атрымаць частку дзяржаўнага пірага, скончылася хлусьнёй і падманам людзей".

У Беларусі жыльлёвыя квоты былі ўведзеныя ў 1992 годзе. Іх налічылі больш як 5 мільёнам грамадзянаў. Атрымалі ды выкарысталі іх далёка не ўсе.
XS
SM
MD
LG