Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія журналісты згадваюць Ганну Паліткоўскую


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Маскве адбудзецца пахаваньне вядомай расейскай журналісткі Ганны Паліткоўскай. 7 кастрычніка аглядальніца “Новой газеты” была забітая невядомым у па’ездзе ўласнага дома. Ва ўсім сьвеце гэтую трагічную вестку ўспрынялі як гвалт над свабодным словам, як пакараньне нязручнага журналіcта. Ганну Паліткоўскую згадваюць беларускія журналісты, якія былі зь ёй знаёмыя.

Галоўны рэдактар незалежнага тыднёвіка “Свободные новости” Васіль Зданюк пазнаёміўся з Ганнай Паліткоўскай у 2002 годзе. Гэта было ў Гамбургу на ўрачыстасьці, на якой, яна, журналістка “Новой газеты” і прадстаўнікі беларускія газэты “Свободные новости” і “Народная воля” атрымлівалі прэмію нямецкага часопіса “Цайт” для маладой прэсы Ўсходняй Эўропы. У тым годзе і “Новая газета”, і “Свободные новости” адчулі моцны ўціск уладаў. На той імпрэзе спадар Зданюк быў захоплены расповедам Ганны Паліткоўскай аб праблемах Чачні, гэтай тэмай яна была апантаная, – кажа Васіль Зданюк.

(Зданюк: ) “Яна мне падалася больш праваабаронцай, чым журналісткай. Яна казала пра тое, як цяжка простым чачэнцам на гэтай вайне, пра фільтрацыйныя лягеры, выкраданьні людзей… Адчувалася, што яна жыве гэтым болей, чым сям’ёй, чым рэдакцыяй”.

Спадар Зданюк кажа, што пасьля таго знаёмства ён сачыў за яе публікацыямі і быў глыбока ўзрушаны забойствам Ганны Паліткоўскай:

(Зданюк: ) “Таленавітая журналістка, адна зь нямногіх, хто ў Расеі йшоў не па дарозе, пракладзенай фэдэральнай уладай, яна ішла сваёй незвычайнай журналісцкай дарогай… Вельмі шкада яе”.

Тады ж у 2002 годзе ў Гамбургу з Ганнай Паліткоўскай сустрэлася і журналістка “Народнай волі “ Марына Коктыш. Яна пагутарыла з Паліткоўскай ўсяго 10 хвілін, але была вельмі ўражанай, як і ўсе прысутныя ў зале, што стоячы віталі выступ расейскай журналісткі.

(Коктыш: ) “Яе выступ быў настолькі моцны па энэргетыцы, па сэнсавым напаўненьні, што я падышла да яе пасьля таго, як урачыстая частка была скончаная... Яна мне падалася такой сьветлай жанчынай, вельмі мужным чалавекам”.

Марына Коктыш кажа, што калі забіваюць журналіста, то астатнія калегі па цэху успрымаюць гэта і як пагрозу сабе:

(Коктыш: ) “Думаю, што кожны адчувае і прыступ страху за сябе самога, бо ты таксама журналіст і займаешся журналісцкімі расьсьледаваньнямі. І калі забіваюць такога яркага журналіста, то гэта прымушае цябе здрыгануцца ад таго, што такое можа здарацца ў трэцім тысячагодзьдзі”.
XS
SM
MD
LG