Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: парыкі


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У сярэдзіне сямідзясятых кабеты дружна нацягнулі на галовы парыкі, ці, кажучы клясычнай беларускай мовай, сызвалосьнікі. Гэта быў апошні крык моды, зьлёгку прыдушаны высокім коштам згаданай жаночай акрасы. Каштаваў парык 60 рублёў, ледзь не палову сярэдняга заробку. Таго часу нават кабеты з шыкоўнымі валасамі рабілі стрыжку, каб зручней было надзяваць той самы сызвалосьнік.

Напачатку кудлатую жаночую аздобу набыць было амаль што немагчыма. За парыкамі езьдзілі ў Рыгу, а потым ужо наш Наваполацак стаў ці не галоўным пастачальнікам дэфіцытнага тавару. Яго прывозілі польскія будаўнікі, што будавалі нафтаправод Полацак-Мажэйкяй. Везьлі парыкі ня толькі простыя рабочыя, але й інжынэрна-тэхнічныя работнікі. У адной спэцыялісткі, як казалі, на мытні канфіскавалі коўдру, сшытую з парыкоў.

Сустракаючыся, кабеты любілі пытацца адна ў адной: чыёй вытворчасьці парык? “Малайзія”, – казала адна. “А ў мяне тайваньскі”, – з гонарам адказвала сяброўка. Дзе тыя краіны знаходзяцца, кабеты слаба ўяўлялі. Час ад часу парыкі перафарбоўвалі. Фарбавалі, у асноўным, іранскай хной. Райпрамкамбінаты арганізавалі тады адпаведную паслугу.

А вось вясковыя бабці такую моду сустрэлі ў штыкі. Яны былі перакананыя, што валасы для парыкоў зразалі зь мёртвых жанчын. Прынамсі, я на ўласныя вушы чуў такую плётку.

З парыкамі зьвязана шмат гумарных і драматычных гісторыяў. Адну зь іх распавяла знаёмая калега. Надарылася яна на адной з загарадных базаў адпачынку. Мужчына сярэдняга веку пазнаёміўся ўвечары з маладзіцай, у працяг знаёмства яны ўзялі на пракат лодку і выплылі на сярэдзіну возера. Калі сьцямнела, мужчына палез цалавацца, а новая знаёмая – зь невядомай прычыны – пачала адбівацца. У выніку лодка хітнулася, і маладзіца звалілася ў ваду. У апошні момант залётнік схапіў яе за валасы, роспачна пацягнуў і зьдзер з галавы парык. Ад жаху – падумаў, што зьняў скальп, – залётнік нырцануў у азёрнае прадоньне. Трымаючыся за перакуленую лодку, парачка доўга гарлала і была ўратаваная мясцовымі рыбакамі. Злашчасны парык наступнага ранку прыбіла да берагу і яго выцягнулі з вады вясковыя падшыванцы. Потым бегалі ў ім, нацубіўшы на стрыжаныя галовы.

Напачатку васьмідзесятых мода на парыкі прамінула. Кабеты зразумелі, што лепей мець на галаве хай і рэдкія, ды ўласныя валасы. Пэўны час іх надзявалі на нябожчыц, а потым і ад гэтага адмовіліся: няёмка было паўставаць перад Усявышнім у зьбітым набакір парыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG