Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Міхал Клеафас Агінскі (7.10.1765 — 15.10.1833)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Цяжка ўявіць жыхара Беларусі, які б ня ведаў ягонага славутага палянэзу “Разьвітаньне з Айчынай”. Не выпадкова на пачатку 1990-х неаднаразова гучалі прапановы зрабіць дзяржаўным гімнам незалежнае Беларусі якраз гэты твор. Хтосьці паспрабуе запярэчыць. Маўляў, Агінскі быў палякам, дый нарадзіўся паблізу Варшавы. Але няма ніякага сумневу, што і геаграфічна і найперш духоўна ён быў непараўнальна мацней зьвязаны зь Літвой-Беларусьсю. “Я паходжу зь ліцьвінскага роду",— пісаў Міхал Клеафас у сваіх мэмуарах.—"Незалежна ад намаганьняў дзяржаўных дзеячаў нас, ліцьвінаў, немагчыма было схіліць адмовіцца ад нашых правоў...”

На пачатку жыцьця шмат каму здавалася, што Агінскі нарадзіўся пад шчасьліваю зоркай. У дваццаць гадоў ён стаў дэпутатам сойму Рэчы Паспалітай, у дваццаць тры — паслом у Галяндыі, а ў дваццаць восем заняў пасаду падскарбія, або, кажучы сучаснай моваю, міністра фінансаў Вялікага Княства Літоўскага. Надзелены адметным музычным талентам, ён асабіста ведаў Моцарта й Гайдана, браў урокі ў Баё, Ляфона, Кампанэлі...

Пераломным у жыцьці Міхала Клеафаса быў змагарны 1794-ы. Стаўшы пад сьцягі Касьцюшкі, ён уласным коштам сфармаваў, узброіў і ўзначаліў батальён з 500 інсургентаў. У тыя дні замест фамільнага гербу на сваёй пячатцы ён загадаў выразаць словы: “Свабода, вернасьць, незалежнасьць”. Тады ж напісаны і вядомы “Марш паўстанцаў 1794 году”.

Пасьля здушэньня паўстаньня войскамі Суворава, Агінскі зьвязвае надзеі на адраджэньне ВКЛ з Напалеонам. У яго гонар Міхал Клеафас стварае опэру “Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры”. Ён піша Напалеону поўны спадзяваньняў ліст і — не атрымлівае адказу...

На шчасьце, крах палітычных праектаў ня здолеў прымусіць замаўчаць ягоную музу. Маёнтак Агінскага Залесьсе ператвараецца ў адну з культурных сталіцаў краю і неафіцыйна завецца “паўночнымі Афінамі”. Творы Міхала Клеафаса выходзяць у Вене, Дрэздэне, Парыжы, Лёндане... Але над Залесьсем гусьцеюць хмары. Каляніяльныя расейскія ўлады пачынаюць арыштоўваць блізкіх сяброў. Самому Агінскаму дазваляюць эміграваць.

Апошнім зямным прыстанкам кампазытара, палітыка й паўстанцкага камандзіра робіцца Флярэнцыя. Сёньня на яе вуліцах беларускі падарожнік можа адшукаць мэмарыяльную дошку ў гонар нашага знакамітага суайчыньніка з тэкстамі па-беларуску й па-італьянску. Копія гэтай дошкі, усталяванай дзесяць гадоў таму зь ініцыятывы першага міністра замежных справаў незалежнай Беларусі Пятра Краўчанкі, знаходзіцца на будынку музычнай вучэльні імя Агінскага ў Маладэчне. Тамсама вас сустрэне бронзавы Міхал Клеафас. Побач зь ім у душы нязьменна пачынае гучаць знакаміты палянэз, пад мэлёдыю якога можна аддацца марам пра той час, калі нарэшце завершыцца бясконцая рэстаўрацыя маёнтку ў Залесьсі і колішнія “паўночныя Афіны” стануць месцам паломніцтва турыстаў з розных краінаў, дзе ведаюць імя Агінскага й слухаюць яго музыку.
XS
SM
MD
LG