Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нелюдзі крымінальнага сьвету паднялі агідную, брудную руку на Паліткоўскую Ганну Сьцяпанаўну... Ня стала сьмелай, праўдзівай, сумленнай журналісткі"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 9 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добрай раніцы Вам, даражэнькія нашыя сябры для душы, для сэрца і для нашай Беларусі. Я хацеў бы адказаць на Ваш запыт пра тое, каго мы лічым “імёнамі свабоды”. Я лічу “імёнамі свабоды” ўсіх тых, хто слухае Вашае радыё. Гэта па-першае. А па-другое, хочацца пажадаць добрага-добрага здароўя Ўладзімеру Арлову. І шчыра кажучы, я чакаю, калі будзе хоць нейкімі часткамі яго энцыкляпэдыя “Імёнаў свабоды”, калі яна будзе друкавацца і неяк дойдзе да нас, слухачоў. Дзякуй і ўсім добрага здароўя. Працуеце Вы многа, і я Вам зычу ўсяго добрага. Я ў працяг сваёй гаворкі наконт энцыкляпэдыі “Імёны свабоды.” Я тэлефаную не таму, што нейкую сваю думку хочацца выказаць, а перш за ўсё, гэта будзе такі падручнік, які будзе найперш служыць таму, каб выхоўваць нашу моладзь. Бо колькі я ня бачыў тых вучняў, дык няма чаго сказаць, каб адразу іх пераканаць. І гэта было і пра сваю мову, і гісторыю, і герояў. Дык вось чаму, гэта абавязкова трэба. Па часткам гэта будзе энцыкляпэдыя “Імёнаў свабоды” і падтрымка і Вам, і Арлову, і тым, хто стаіць за сьпіной сёньняшніх лідэраў дэмакратычнага руху. У першую чаргу не “ліхіх хлопцаў,” такіх, як рэктар былы, а тых, хто памяркоўна, але настойліва нас навучае і выхоўвае. Гэта Аляксандр Мілінкевіч. Добрага ім усім здароўя. У тым ліку і Арлову, і Вам. Дзякуй за ўсё”.

“Я яшчэ хацеў бы дадаць, што трэба ўзнавіць перадачу “Навінкі мэдыцыны”. Раней я неяк заўсёды імкнуўся злавіць Вашую хвалю і паслухаць, што ж новага робіцца ў мэдыцыне ва ўсім сьвеце. Таму што я хварэю на дыябэт, і мяне гэта цікавіць. У многіх ногі баляць, суставы. Я бачыў, колькі пэнсіянэраў ходзіць зь кійком і кульгаюць. Моладзь таксама аслаблена, усё ж такі ёсьць нейкія наступствы Чарнобыльскай аварыі і гэтак далей. Вось гэтую рубрыку абавязкова трэба ўзнавіць. І пра гэта заўсёды казала, па-мойму, Радкевіч Алена. Яна заўсёды казала пра гэтыя справы. Дзякую за ўвагу. Добрага здароўя Вам яшчэ раз. І Вашаму Аляксандру Лукашуку”.

(Спадар: ) “Першае пытаньне. Чаму прэзыдэнт не дае амністыі нават асобам, які не вінаватыя? Якая прычына? Можа быць, прычына ў тым, каб адсядзеў Казулін. Другое пытаньне. Усе, каго судзяць па падлогу, вінавацяць у хабары ці карупцыі, каб не бралі адвакатаў. Таму што гэта зьяўляецца напаўненьнем бюджэту. Адвакат усё роўна дапамогі ніякай не дасьць у гэтым выпадку. І трэцяе пытаньне. Усе ў Беларусі, каго можна назваць “службовай асобай,” не павінны мець на сваім рахунку ніякіх каштоўнасьцей, у тым ліку і на іх імя не павінна быць нічога зарэгістравана. Таму што пытаньне ідзе наконт напаўненьня бюджэту Беларусі за кошт невінаватых грамадзян Беларусі”.

(Спадар: ) "Значыць так. Я хачу, каб Ваша станцыя адзін раз назвала, чаму эвакуіравалі немцаў, чачэнцаў і татар. І каб гэта было праўдзіва, а не расказвайце ўсялякія байкі, лічачы ўсіх дурнямі. Усё. Да пабачэньня".

(Спадар: ) “Добры вечар, “Свабода”. Хачу падзяліцца сваімі думкамі. Вось ужо чвэрць стагодзьдзя працую лекарам у адной з раённых больніц. Мэдыкі, як былі, так і застаюцца закладнікамі палітычнай сытуацыі ў краіне. На сёньня мы абкладзеныя паказчыкамі і паперамі да такой ступені, што за імі практычна ня бачым ужо хворых. Паперавытворчасьць замест працы зь людзьмі, бясконцыя праверкі, справаздачы, мэдсаветы, гадзінныя лятучкі-накачкі, пагрозы звальненьню, зборы грошай на раённыя мерапрыемствы, прымусовая падпіска на дзяржаўныя газэты, дапамога сельгаспрадпрыемствам. І ўсё гэта робіцца быццам бы ў імя народу і для народу. У мэдыкаў ад такога засільля апускаюцца рукі, маладыя людзі ня хочуць ісьці ў мэдыцыну. Паглядзіце, у мэдунівэрсытэтах практычна няма конкурсу, няма і 2,5 чалавека на месца. І канца такога засільля ня бачна. Калі чуеш дрэнныя адзнакі мэдыцыне, становіцца балюча, але лепшага пакуль што не заслугоўваем. Перамены да лепшага прыйдуць толькі са зьменай палітычнай сытуацыі. Толькі ці дачакаемся?”

(Алесь Гагін са Смаргоні: ) “Наконт беларускай мэдыцыны. Я сам мэдык, працаваў. На жаль, вельмі заядае ўрачоў пісаніна. Калі б нашых урачоў крыху вызваліць ад гэтай рутыннай працы, то ўсё было б добра. Лічу, што нашай беларускай мэдыцыне можна такую “чацьвёрачку” паставіць, калі паставіцца непрадузята. Хаця праблемаў у нашай мэдыцыне вельмі шмат. І ня ўсё так гладка. Дзякую за ўвагу. Да сустрэчы на хвалях Радыё Свабоды. Да пабачэньня”.

“Я лічу, што моцна не паўплывае канфлікт паміж Грузіяй і Расеяй на беларуска-расейскія зносіны. Але я не разумею, чаму Грузіі трэба грызьціся з Расеяй, то бок, калі б Расея яе ня выратавала на пачатку 19 стагодзьдзя ад генацыду, то грузінскай краіны не было б. Была б турэцкая ці пэрсыдзкая правінцыя. І лічу, што грузіны робяць неразумна, канфліктуючы з Расеяй. Да сустрэчы на хвалях Радыё Свабоды. Да пабачэньня”.

(Спадар: ) “Я хачу павіншаваць Міхася Скоблу з тым, што ён стаў бацькам. Хай ён будзе бацькам у першы раз і не апошні. Віншую, да пабачэньня”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень. Я лічу, што інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы распачаў Лукашэнка, таму я перафразую пытаньне тыдня: як саюзная дзяржава Беларусі і Расеі ўплывае на канфлікт Расеі і Грузіі. Працытую ўрывак зь Бібліі: “Вось надыходзяць дні, калі паўстане на зямлі ўладарства страшнейшае, чым усе ўладарствы, які былі перад ім. У ім будуць уладарыць адзін пасьля другога 12 цароў. У апошнія часы адбудуцца немалыя разлады. Уладарства апынецца ў небясьпецы падзеньня…” (3-я Кніга Ездры 12) Калі я ўпершыню прачытаў гэтае прароцтва, я адразу падумаў, што Бог памыліўся. Як можа аднавіцца Савецкі саюз, калі людзі ўбачылі заходні ўзровень жыцьця? Пасьля таго, як па радыё загучала заходняя музыка, а на тэлевізіі і відэакасэтах пашырылася амэрыканскае кіно. Ніхто і падумаць сабе ня мог, што “імпэрыя зла” ня тое што нікуды ня зьнікла, а наадварот, стала яшчэ мацнейшай. Масква дзейнічае так: яна знаходзіць самы горшых людзей у былых рэспубліках, падтрымлівае іх, і такім чынам стварае ўнутраныя канфлікты. А потым застаецца толькі прыйсьці на гатовае. Нават прыбалтыйскія краіны, якія ўвайшлі ў НАТО ды Эўразьвяз, таксама знаходзяцца ў небясьпецы, бо Лукашэнкава хлусьня пранікае туды праз Беларусь-ТВ. І тыя ж, напрыклад, летувісы любяць глядзець засеяныя палеткі ды ўзорныя прадпрыемствы і мараць, каб у іх быў такі прэзыдэнт, як Лукашэнка. І дзе цяпер тая заходняя музыка на радыё? Я ўжо забыўся, калі апошні раз чуў “Лесьвіцу ў неба” ці “Дым над вадой”.

(Календа Віктар зь в.Мачулішчы Менскага р-на: ) “Спадарства, добры дзень. Я хацеў бы выказацца наконт газавых і нафтавых нейкіх праблемаў. Я думаю, нічога ня будзе. Вы ўсе жывяце, мы ўсе ходзім. Усё нармальна, здаецца. Усё цудоўна. Усе людзі грошы атрымліваюць, усе працуюць. Усё цудоўна. Жыцьцё ідзе. А тое, што Вы там нейкія ілюзіі маеце наконт кошту на газ, на нафту. Я вось паслухаў, Мілінкевіч там нешта казаў, што Расея пачне ціснуць. Ды нічога яна ціснуць ня будзе. Сто адсоткаў, што Пуцін і ўсе кіраўнікі ў Крамлі сябруюць з Аляксандрам Рыгоравічам. Гэта іх лепшы сябар. І нічога ня зьменіцца. Усё будзе нармальна. Наконт саюзнай дзяржавы. Саюзны камітэт існуе ў Маскве. Яго ўзначальвае Павел Паўлавіч Барадзін і яшчэ там нейкія чыноўнікі зь Беларусі. Ёсьць у нас камітэт саюзнай дзяржавы на Машэрава, ня ведаю, ёсьць ці няма. Ён жа існуе. Вось калі чыноўнікі адтуль зьедуць, а Барадзіну скажуць, што ён больш не зьяўляецца старшынёй саюзнай дзяржавы, тады ўсё. Тады можна пахаваць саюзную дзяржаву і больш да яе не вяртацца. Сто адсоткаў, што газ і нафта будуць па нармальным коштам, якія павінны быць, такія і будуць. І ніякага эканамічнага крызісу ня будзе. І калі Вы хочаце даведацца пра кошты на газ, патэлефануйце ў “Белтрансгаз”, ёсьць такая арганізацыя, ня памятаю, дзе знаходзіцца. Там сядзяць бугальтары. І дзесьці ў лістападзе будзе сфарміраваны бюджэт саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Там будзе асобным радком вылучаны паліўна-энэргетычны бюджэтны балянс гэтай саюзнай дзяржавы. І там будуць усе кошты абумоўленыя. …Я недзе чуў, ня памятаю дзе. Міністар энэргетыкі Беларусі сказаў, што ў лістападзе будзе сфарміраваны бюджэт саюзнай дзяржавы. У ім будзе вылучаны паліўна-энэргетычны балянс на 2007 год. Таму будуць абумоўленыя кошты на газ, на нафту, на ўсе іншыя расейскія сыравінныя атрыбуты. І тое, што Вы там маеце ілюзіі… Я паслухаў “Голас Амэрыкі,” “Нямецкую хвалю”… Нейкую бязглузьдзіцу нясуць. Ну ім так хочацца, каб нейкі крызіс быў. Мілінкевічу хочацца, усім астатнім Вашым, якія знаходзяцца ў штабе. Я ня ведаю, гэта проста ілюзіі. Усё будзе добра. Ёсьць прэзыдэнт, ёсьць дзяржава, ёсьць БТ, ёсьць ОНТ. Ёсьць усе сродкі масавай інфармацыі, якія падпарадкоўваюцца прэзыдэнту. Трэба слухаць іх. Там, здаецца, усё канкрэтна кажуць. І трэба слухаць тых палітыкаў, якія знаходзяцца ў Крамлі і тых, якія знаходзяцца тут. Вось яны кажуць усё. Як Крэмль сказаў, так і будзе. І нічога Вы ня зьменіце. Вашыя размовы – гэта пустыя словы. Я хацеў сказаць. Вы вазьміце патэлефануйце ў лістападзе бугальтарам “Белтрансгазу”, на “Нафтан” можаце патэлефанаваць, спытаць па якім кошце атрымліваюць нафту. Вам усё скажуць. Вы толькі прадстаўцеся як-небудзь, прыдумайце, што Вы, напрыклад, хочаце закупіць для перапрацоўкі, колькі гэта будзе каштаваць. Вам скажуць кошт. Тое самае з “Белтрансгазам”. Туды таксама можна патэлефанаваць ад фірмы нейкай, спытаць, колькі будзе каштаваць узаемаразьлік па газу. Гэта ўсё элемэнтарна робіцца. Вы проста многія рэчы не разумееце. Мілінкевічу так проста хочацца. Я чуў, ён учора казаў, што Расея пачне падвышаць кошты на газ… Ды нічога ня будзе, гэта ўсё толькі словы. Гэта некаму так хочацца. Я не хачу нікому верыць, па праўдзе кажучы. На выбары я не хадзіў, таму што даведаўся, што няма нармальных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта.З-за таго, што няма нармальных незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі, нармальныя палітыкі ня могуць прарвацца да тэлевізіі, каб нешта расказаць. Арганізаваць дыскусію. Гэтага проста няма. І таму чакаць нечага ня мае сэнсу, ніхто Вас ня выратуе. Як ёсьць, так і будзе. Нічога Вы ня зьменіце. Усё будзе, як ёсьць. І тое, што Вы нейкія ілюзіі маеце… “Голас Амэрыкі” запрашае Пінкоўскага. Ён там нешта расказвае, што нібыта Аляксандр Рыгоравіч вельмі хворы. І Масква пачне на яго ціснуць. Няпраўда, нічога гэтага ня будзе. Усё будзе нармальна. Масква будзе сябраваць з Аляксандрам Рыгоравічам, і калі прыйдзе іншы прэзыдэнт. Усё будзе нармальна. Будуць арганізоўваць ваенныя вучэньні, будуць грошы яму даваць, падтрымліваць, фінансаваць, дарыць яму грошы будуць. Яны проста хочуць яму грошы дарыць, робяць падарункі. Правадыроў любяць заўжды, а правадыр толькі ў Беларусі. Таму будзе ўсё нармальна, правадыра яны будуць падтрымліваць усялякім чынам, каб ён яшчэ трымаўся і добра сябе адчуваў. Усё. Да пабачэньня. Дзякуй вялікі”.

(Спадар: ) “На пытаньне, як зьменяцца расейска-беларускія дачыненьні ў сувязі з канфліктам Расеі і Грузіі, адкажу: ніяк. Калі нас не пужае, што Расеяй даўно кіруе крымінал і ляцяць у паветра дамы зь людзьмі і электрычкі з пасажырамі, дзе адстрэльваюць банкіраў і вядомых журналістаў, дзе ў бясконцай вайне ў Чачні гінуць тысячы людзей, то лічу, нішто нас ня можа пахіснуць у слушнасьці выбару нашага шляху. Так што, правільным шляхам ідзем, таварышы!”

(Спадарыня з Магілёву: ) “Адмарозкі, нелюдзі крымінальнага сьвету паднялі агідную, брудную руку на журналістку сусьветнага маштабу Паліткоўскую Ганну Сьцяпанаўну, якую можна назваць брыльянтам расейскай журналістыкі. Ня стала сьмелай, праўдзівай, сумленнай журналісткі. Дзесяць “Мамантавых”, дваццаць “Брылёвых” і гэтак далей не заменяць Паліткоўскую Ганну. Немагчыма ачуняць ад гэтага шоку. Ня стала такой сьмелай, праўдзівай, прыстойнай, такой маленькай і слабой жанчыны, якая змагалася з расейскай злачыннай машынай у Чачні”.

“Ніл Гілевіч напісаў выдатны верш “Беларуская моладзь”. Толькі што можа зрабіць беларуская моладзь, калі актыўная яе частка знаходзіцца за межамі Беларусі? Нехта вучыцца, нехта працуе. А ў Беларусі пэнсіянэры, працаўнікі, вернікі вымушаныя пратэставаць у форме галадоўкі. Дашкевічу пагражае 2 гады турмы. Мікалай Астрэйка, Артур Фінькевіч, Аляксандр Казулін і іншыя адбываюць пакараньне, сядзяць у турмах. Чаму няма сустрэчных іскаў ад арыштаваных і тым больш асуджаных? Іх абылгалі па сфабрыкаваным абвінавачваньнем. Дзе іх адвакаты? Чаму ніхто не спрабуе абвяргаць ілжывыя абвінавачваньні. Зьвяртаюся да лідэраў, ня лідэраў, аднадумцаў апазыцыі, да ўсіх партый і рухаў. Выратуйце ад турмы арыштаваных. Выцягніце хаця б аднаго, пакажыце на справе, што Вы хоць што-небудзь можаце зрабіць, інакш Вам проста перастануць верыць. Неабходная актыўнасьць ня толькі на словах. Неабходная перамога хаця б у адной сур’ёзнай справе, няхай то судовая справа ці палітычная акцыя. Пікет. Беларуская ўлада сядзіць у сваім логаве ціха, спакойна. Прызвычаілася да галадовак. Нездарма кажуць: сыты галоднаму не таварыш. Лёзунг “Свабоду Аляксандру Казуліну” павінен кожны дзень мазоліць вочы Лукашэнку, служкам яго. На дахах дамоў, на гаўбцах, нарэшце, вапнай на асфальце, на сьценах. Напамінаць пра злачынства зьдзейсьненае беларускай уладай на чале з Лукашэнкам".

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Дазвольце Вас павіншаваць зь сёньняшняю сьвятою нядзелькаю. Усяго найлепшага для Вас усіх. Дай Бог Вам здароўя і шчасьліва пражыць сёньняшні дзень. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Забілі журналістку Паліткоўскую. Канечне, гэта вельмі дрэнна, што забіваюць. Але тое, што яна вораг Расеі і страшны чалавек – гэта факт. Канечне, нельга забіваць людзей. Там гэтыя зьвяры-чачэнцы напалі на Дагестан, вынішчылі сотні тысяч дзяцей, жанчын і гэтак далей. Успомніце, колькі яны ў сябе дзяцей перарэзалі, колькі спалілі і гэтак далей. А яна, бачце, дапамагае Расеі тым, што дапамагае вызваліцца ад гэтага, яна іх абараняе. Гэта першае пытаньне. Другое. Хто яе забіў? Яе забіла ЦРУ пад кіраўніцтвам Амэрыкі, таго ж Буша канкрэтна. Тыя людзі, якіх яна абараняла. Зь якой мэтай? Каб скампрамэтаваць Расею. У Прыднястроўі, у Грузіі і шмат дзе яны хочуць скампрамэтаваць, ушчыкнуць, ударыць больш па Расеі. Толькі яны. І дарма КДБ, МУС недзе там лазяць, шукаюць злачынцаў. Толькі гэта. Яе забілі менавіта тыя, каго яна нібыта абараняла, каб скампрамэтаваць. Тыя ж бандыты чачэнскія. Вось так. Як Бэн Лядэна амэрыканцы вырасьцілі, так і тут… І дарма гвалт падымаюць гэтыя сьледчыя, спрабуюць нешта зрабіць. Усё гэта ясна як Божы дзень”.

(Зіноўеў: ) “Лічу, пасьля стваральнікаў правакацыі, як справа Красоўскага, лукашэнкаўская Беларусь будзе дзейнічаць наводмаш”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабоды! Добры дзень. На пытаньне тыдня адказ кароткі. Для роднай Беларусі складваюцца вельмі добрыя абставіны. Тайная вайна расейскіх мафіёзьнікаў з Грузіяй і адмова дарагой Украіны ад расейскага газу для Беларусі неспадзяваны вялікі падарунак. Кошт на газ будзе зусім іншым. Але ня той, які яны плянавалі. Нам, браткам-беларусам, трэба хутчэй прыбраць галоўнага начальніка Беларусі і перайсьці на рынкавую эканоміку. Іншага шляху няма. Абставіны даюць маленькі перапыначак, каб эканоміка наша не аказалася ля разьбітага карыта. Але для гэтага патрэбна новая каманда, якая зможа выкарыстаць дадзены момант. Грузія з дадзенай сытуацыі выйдзе пераможцам, а расейскія мафіёзьнікі застануцца ля разьбітага карыта. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Я проста хацеў бы падзяліцца такой гарадзкой замалёўкай зь Менску. Калі, напрыклад, на плошчы Бангалёр у сквэры адбываецца нейкае дзяржаўнае сьвята, сьвята раёну ці гораду, то заўжды там стаяць даішнікі і ветліва дазваляюць прыпыняцца машынам. А калі нейкі апазыцыйны канцэрт або штосьці такое, то стаіць знак “прыпынак забаронены” і ня можна там аўтамабіль паставіць. Такі вось кантраст. І такая розьніца. Дзякуй”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне. Паводле пытаньня тыдня. Я мяркую, што адносіны Расеі і Беларусі застануцца такімі, якія і цяпер. І як бы там у Расеі з Грузіяй канфлікт не разьвязаўся, на беларускія падзеі гэта ня будзе мець уплыў. Па-першае, хаця б таму, што Беларусь – гэта ня Грузія. У грузінаў ёсьць адчуваньне нацыянальнай тоеснасьці і самаідэнтыфікацыі, а ў Беларусі толькі лічаныя групы людзей маюць яе. Па-другое. Усё ж такі склад насельніцтва ў Грузіі больш аднастайны, чым у Беларусі. А на Беларусі апошнім часам занадта шмат прыежджых людзей, якія альбо не ўспрымаюць культуру карэннага насельніцтва, альбо ставяцца да яе абыякава. І калі нават будзе абвешчаны той рэфэрэндум, то вось такія людзі, а яны складаюць ледзь не палову, калі ня большасьць жыхароў Беларусі, яны будуць адносіцца нэўтральна. Ну, далучылі – ну і далучылі. Таму, я лічу, як бы там не адбылося на Каўказе, у Беларусі такая ж палітыка будзе праводзіцца, як і цяпер”.

(Спадар: ) "Вось у мяне такое меркаваньне. Толькі што я слухаў, як галадуюць вернікі. Дык адзін вернік так моцна крычаў, глотку драў у ваш мікрафон. Яго можна яшчэ месяца тры нічым не карміць і зь ім нічога не здарыцца. Ну якія яны вернікі? Якія яны добрыя людзі? А Вы зьбіраеце ўсё палітычнае сьмецьце і кідаеце ў гэты мікрафон. Нам гэта дужа сьмешна. Прывітаньне".
XS
SM
MD
LG