Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За нелегальную працу за мяжой пазбавяць сацыяльных ільготаў


Ганна Соўсь, Менск Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі зьбіраецца правесьці маштабную праверку ўсіх грамадзянаў краіны, якія нелегальна працуюць за мяжой. Як паведаміў першы намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі міністэрства Аляксей Бягун, па выніках праверкі нелегалаў пазбавяць некаторых сацыяльных ільготаў.

Каля 1 мільёну беларускіх грамадзянаў у актыўным працаздольным веку цяпер нідзе не працуюць. Гэтую лічбу агучыў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Аляксей Бягун. І дадаў са спасылкай на кампэтэнтныя крыніцы ў расейскіх праваахоўных органах, што ў Расеі цяпер нелегальна працуюць ад 150 да 300 тысяч беларускіх грамадзянаў. Тады як афіцыйна ў Расеі працуюць толькі 3 тысячы беларусаў.

Міністэрства ўнутраных справаў плянуе пачаць зьбіраць інфармацыю пра беларусаў, якія не вярнуліся ў краіну па завяршэньні турыстычных тураў ці працоўнага кантракту й засталіся нелегальна працаваць у іншых краінах.

Аляксей Бягун паведаміў, што Міністэрства ўнутраных справаў плянуе ўнесьці прапановы і дапаўненьні ў заканадаўства, каб абмежаваць сацыяльныя льготы асобам, якія нелегальна працавалі за мяжой і не плацілі падаткаў дзяржаве. Якія дакладна сацыяльныя льготы плянуецца абмежаваць, пакуль не паведамілі.

Экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук лічыць, што такім чынам улады двойчы караюць сваіх грамадзянаў.

(Раманчук: ) “Мала таго, што дзяржава пакарала іх тым, што не стварыла для іх месца працы, тут яшчэ двойчы пакарае іх тым, што адбярэ нейкія льготы. Як сьведчаць апытаньні хатніх гаспадыняў, сацыяльная дапамога на сярэдняе хатняе гаспадарства складае недзе 6 даляраў. Безумоўна, грошы, якія людзі зарабляюць за межамі краіны, значна большыя. Акрамя таго, што гэты мільён людзей яшчэ больш пачне ненавідзець нашу краіну, нічога добрага мы не атрымаем. А дзяржава, можа, нейкія капейкі й зэканоміць, але значна больш нэгатыву будзе ад таго, што мы так ставімся да сваіх людзей, тым больш да найбольш прадпрымальных, тых людзей, якім можна было стварыць месца працы ў сваёй краіне”.
XS
SM
MD
LG