Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія працэсы адбываюцца ў беларускай апазыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 6 кастрычніка). Удзельнікі: першы сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін і намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Хадыка.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам тое аб’яднаньне апазыцыйных сілаў, якое стварылася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, знаходзіцца, са словаў саміх лідэраў апазыцыі, у стане крызісу, праца кіроўнага органу кааліцыі, Палітычнай рады, фактычна паралізаваная. Адбываецца тое ж, што і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, толькі са спазьненьнем на некалькі месяцаў. Гэта заканамерны працэс, інакш і быць не магло? Ці ўся праблема ў дзейнасьці палітычных лідэраў? Ці мае гэтая кааліцыя нейкую пэрспэктыву?”

(Сяргей Калякін: ) “Найперш трэба сказаць, што кааліцыя ўтварылася на пэўны час. Кангрэс дэмакратычных сілаў у кастрычніку мінулага году абраў адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў, зацьвердзіў палітычную плятформу на прэзыдэнцкія выбары.

Кампанія закончылася, узьніклі новыя ўмовы. На мой погляд, павінна быць падпісанае новае пагадненьне паміж апазыцыйнымі палітычнымі сіламі, якія ўваходзяць у аб’яднаную кааліцыю, плюс да гэтага маглі б далучыцца новыя арганізацыі. Гэтае пагадненьне павінна канкрэтызаваць нашае ўзаемадзеяньне ў новых умовах.

Цяперашняя барацьба за лідэрства павінна перайсьці ў нейкую іншую якасьць. Гэтая барацьба мае быць заснаваная на эфэктыўнай працы сярод насельніцтва, актывістаў, а ня быць толькі апаратнай канкурэнцыяй.

Пэрспэктыва ў цяперашняй кааліцыі ёсьць. Трэба, каб мы спынілі размовы пра лідэрства і заняліся канкрэтнай справай. Я б увогуле адмяніў пасаду старшыні Палітрады”.

(Юрась Хадыка: ) “Ці заканамерны крызіс, гэтае пытаньне філязофскае. Я б сказаў, што і заканамерны, і не. З аднаго боку, гэта наступства палітычнай культуры ў апазыцыйным асяродзьдзі. Але ў сёньняшніх умовах гэта недапушчальна.

Спадар Калякін мае рацыю, калі кажа, што рашэньні Кангрэсу дэмакратычных сілаў тычацца толькі пэрыяду прэзыдэнцкіх выбараў. Але гэтая акалічнасьць не здымае пытаньня пра адзінага лідэра апазыцыі. Бо лідэр — гэта такі ж сымбаль, як, напрыклад, і сьцяг.

Я лічу, што неабходны новы Кангрэс дэмакратычных сілаў. Сытуацыя мяняецца. Трэба даваць магчымасьць узгадняць амбіцыі палітычных лідэраў на адкрытым форуме, а не ў закулісных пагадненьнях.

Я прызнаю, што крызіс ёсьць. Вінаватыя ў гэтым і лідэры буйных партыяў, якія часта выстаўляюць на першы плян амбіцыі асабістыя і партыйныя. А зь іншага боку, я згодны зь імі, што адзіны кандыдат на прэзыдэнта Мілінкевіч ня выявіў патрэбнай актыўнасьці, здольнасьці да аб’яднаньня ўсіх памкненьняў, праявіў недастатковую палітычную дальнабачнасьць, працяглы час ухіляўся ад актыўнай працы.

Таму сёньня я выступаю за правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў. І тая прапанова, якую ўнёс Віктар Івашкевіч, каб зьвязаць кангрэс з выбарчай кампаніяй, уяўляецца адзіным выйсьцем зь цяперашняй сытуацыі”.

(Калякін: ) “Я згодны, што лідэр павінен быць. Аднак яго не абіраюць. Лідэрамі становяцца ў працэсе палітычнай працы. Ён павінен даказаць сваё права на лідэрства канкрэтнымі дзеяньнямі, пэўнымі якасьцямі”.

(Карбалевіч: ) "Цяпер у апазыцыйным асяродзьдзі адбываецца актыўнае стварэньне новых структураў. Напрыклад, чатыры партыі — АГП, ПКБ, Грамада і Беларуская партыя працы — дамовіліся пра сумесныя дзеяньні падчас мясцовых выбараў. І гэта выклікала гучныя камэнтары, абвінавачаньні ў сэпаратных дзеяньнях. Мілінкевіч назваў гэта кааліцыяй у кааліцыі, а лідэр Партыі БНФ Вячорка назваў гэтае аб’яднаньне “прамаскоўскай кааліцыяй”. Дык што, спадар Калякін, вы сапраўды "прадаліся Маскве"?”

(Калякін: ) “Каб прадацца, трэба, каб хтосьці хацеў цябе купіць. У гэтым працэсе патрэбныя два бакі. А калі сур’ёзна, то тут увогуле няма ніякага пытаньня. Ніхто не ствараў ніякай кааліцыі, не падпісваў ніякага пагадненьня. Сустрэліся кіраўнікі выбарчых штабоў чатырох партыяў. Дарэчы, запрашалі ўсіх. Яны абмеркавалі задачы ў рамках пляну кампаніі “За свабоду”, прынятага аб’яднанай кааліцыяй. У гэтым пляне ёсьць разьдзел, які тычыцца мясцовых выбараў. Чаму з гэтай сустрэчы робяць нейкія высновы пра стварэньне новых кааліцыяў, я ня ведаю”.

(Карбалевіч: ) “Мусіць, сытуацыя ў апазыцыйным асяродзьдзі такая напружаная, што, здавалася б, нявінная спроба дамовіцца пра супольную працу выклікала такую моцную рэакцыю”.

(Хадыка: ) “Значыць, гэтая падзея не такая нявінная. Не магу пагадзіцца, што гэта спантанная ініцыятыва зьнізу. Дзеля захаваньня адзінства трэба аб’ядноўваць усіх, а не ствараць нават часовыя блёкі, якія не супадаюць з фарматам аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Гэта чарговая праява таго крызісу, у якім мы знаходзімся.

Зь іншага боку, я не магу падтрымаць заяву спадара Вячоркі, што гэта “прарасейская кааліцыя”. Прарасейскімі могуць быць нейкія палітыкі, але нельга купіць партыі. І рабіць такія абвінавачаньні — гэта падкідаць дровы ў тое вогнішча, якое ў нас цяпер, на жаль, распальваецца. Трэба шукаць пагадненьня”.

(Калякін: ) “Ва ўсіх абласьцях створаныя кааліцыі ў тым складзе, якая існуе ў Палітрадзе, — за выключэньнем Магілёўскай вобласьці. Гэтая падзея адбылася таму, што мы некалькі разоў абмяркоўвалі на Палітрадзе, калі пачнем выконваць наш плян. Але пакуль ідуць толькі размовы. Таму мы проста сталі рухацца, рабіць крокі для выкананьня гэтага пляну. І ніякага пагадненьня — ні часовага, ні доўгатэрміновага не існуе ўвогуле”.

(Карбалевіч: ) “Апошні час шмат кажуць пра стварэньне нейкага левага блёку ці левага цэнтру з удзелам ПКБ, Грамады, Беларускай партыі працы, Партыі жанчын. Пад гэтую структуру нібыта ствараецца нейкі новы рабочы зьвяз. Нават кажуць, што лідэрам гэтага кірунку будзе спадар Калякін. Што тут праўда, а што чуткі?”

(Калякін: ) “Палітык заўсёды павінен імкнуцца быць лідэрам. Інакш гэта не палітык. Раней было шмат спробаў аб’яднаць левыя сілы. Цяпер яны актывізаваліся. Мы імкнемся стварыць зьвяз левых партыяў, у які ўвайшлі б ня толькі тыя арганізацыі, якія вы пералічылі, але і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада на чале з Шушкевічам. Гэты зьвяз ствараецца не як процівага існай апазыцыйнай кааліцыі, а ўнутры яе.

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Летась на Бюро Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу было сказана, што калі беларускія сацыял-дэмакраты ня прыйдуць да пагадненьня, то мы ня будзем зь імі працаваць”.

(Карбалевіч: ) “Які сэнс цяпер увогуле дзяліцца па палітычных, ідэалягічных кірунках і ствараць адпаведныя структуры? Гэта мае сэнс для апэляцыі да электарату падчас выбараў. Паколькі ў Беларусі выбараў няма, навошта такое гуртаваньне на левых і правых? Вось Партыя БНФ таксама прапаноўвала пляны дзеля стварэньня нейкага аб’яднаньня пад сьцягам абароны незалежнасьці Беларусі ад расейскай анэксіі”.

(Хадыка: ) “Спробы гуртавацца на ідэалягічнай плятформе сьведчаць пра паўзу, якая ўзьнікла цяпер у палітычным жыцьці. У стварэньні левага блёку я ня бачу нічога дрэннага. Аб’ектыўна кажучы, дэмакратычныя левыя сілы ў нас найбольш расколатыя. Існуе як мінімум чатыры сацыял-дэмакратычныя партыя і адна камуністычная. І было б мэтазгодна неяк іх згуртаваць”.

(Карбалевіч: ) “Аляксандар Мілінкевіч аб’явіў пра стварэньне руху “За свабоду”. Гэта таксама рэакцыя на крызіс аб’яднанай кааліцыі. Прычым, як можна зразумець, гэты рух плянуецца стварыць з новых людзей, не заангажаваных у дзейныя апазыцыйныя структуры. Наколькі пэрспэктыўная гэтая ідэя праз больш як паўгода пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? І зь іншага боку, як паўплывае спроба рэалізацыі гэтай ідэі на лідэрства Мілінкевіча ў апазыцыі?”

(Калякін: ) “Я не да канца разумею гэтую ідэю. У нас ёсьць кампанія “За свабоду”, плян якой прыняты Палітрадай. І ў гэтай кампаніі задзейнічаныя ўсе сілы: і камуністы, і Партыя БНФ, і АГП. І цяпер складваецца сытуацыя, калі існуюць тры цэнтры кампаніі “За свабоду”. Па-першае, гэта кампанія няўрадавых арганізацыяў. Па-другое, гэта аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. І па-трэцяе, вось гэты новы рух “За свабоду”. Гэта няправільна. Мы заблытаем насельніцтва да такой ступені, што яно ня будзе нас разумець”.

(Хадыка: ) “Я згодны, што гэтая ініцыятыва ёсьць рэакцыяй на складаную сытуацыю ў апазыцыйнай кааліцыі. Але гэтая рэакцыя няправільная. Яна ні да чаго добрага не прывядзе. Гэта сапраўды ўносіць блытаніну.

А па-другое, стварэньне такога руху Мілінкевічам азначае, што ён дабраахвотна адмаўляецца ад ганаровага і адказнага статусу лідэра апазыцыі — прычым, без усялякага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Я лічу гэтыя крокі нэрвовымі й нематываванымі. Тады ставіцца пад сумнеў ягоны статус у Палітрадзе, ягонае права прадстаўляць беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой.

Спадзяваньне на тое, што стыхію, якую падняў Сакавік, можна ўвесьці ў рамкі працяглай палітычнай барацьбы — гэта ўтопія. Усе гэтыя людзі рассыпаліся. Магчыма, 300—400 чалавек далучацца да палітычных партыяў, і гэта будзе вялікая падтрымка. Але немагчыма нешта зьляпіць у нармальным палітычным сэнсе з гэтых пераважна маладых людзей”.

(Калякін: ) “Магчыма, Мілінкевіч заявіць, што гэты рух будзе ўведзены ў склад кааліцыі, стане адным зь яе суб’ектаў. Але ў такім разе, безумоўна, статус Мілінкевіча будзе іншы”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, праз паўгоду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і напярэдадні мясцовых выбараў у апазыцыйным асяродзьдзі адбываюцца працэсы, якія можна разглядаць як рэструктурызацыю, перафарматаваньне той кааліцыі, якая стварылася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Сёньня цяжка сказаць, ці зробіць гэта апазыцыю больш моцнай. Але той факт, што напярэдадні мясцовых выбараў апазыцыйныя партыі занятыя ня столькі падрыхтоўкай да працы з насельніцтвам, колькі вырашэньнем унутраных праблемаў, ня можа не турбаваць прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў у краіне”.
XS
SM
MD
LG