Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску, Бабруйску і Наваполацку працягваюцца галадоўкі (абноўлены)


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня да акцыі пратэсту ў будынку эвангельскай царквы, што ў менскім мікрараёне “Сухарава”, далучыліся іншыя галадоўнікі. Таксама сёньня ў Бабруйску працягвае галадоўку актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая. А ў Наваполацку галадае на знак салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік.

У будынку эвангельскай царквы “Новае жыцьцё” сёньня паставілі геаграфічныя мапы Беларусі й сьвету, на якіх пазначаюцца месцы падтрымкі акцыі ў Менску. Гаворыць удзельнік галадоўкі Ўладзімер Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Паводле атрыманых зьвестак, сёньня пікеты хрысьціянаў будуць каля беларускіх амбасадаў у Рызе, Кіеве, Бэрліне, Маскве. Улады ў дадзеным выпадку ня маюць добрага выйсьця. Яны могуць альбо сілай тут усё перапыніць, альбо ігнараваць. Пэўны час ігнараваць. Але мы хрысьціяне — хоць і не фанатыкі, але ж досыць заўзятыя. Таму ня будзем гуляць у гэтыя рэчы”.

Уладзімер Мацкевіч паведаміў, што эвангельская царква дазваляе абвясьціць пост кожнаму верніку ў момант асаблівай патрэбы дапамогі ад Бога. Але, як удакладніў суразмоўца, ноччу ў храме застанецца каля трыццаці чалавек, бо больш не дазваляюць санітарныя ўмовы.

Сёмыя суткі ў Бабруйску працягвае галадоўку рабочая “Белшыны” Алена Захожая. Яна дамагаецца рэгістрацыі першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Жанчына кажа, што стала пачувацца горш:

(Захожая: ) “Пагана становіцца. Спрабавала хадзіць, дык ня ходзіцца... Справа мая праўдзівая. Цалкам заснаваная на законе. Абсалютна нічога я не прыдумала. Я цяпер галадаю. Зьяўляюся інвалідам трэцяй групы, маю сардэчную хваробу, гіпэртонік — памерці магу ў любую хвіліну. Тыя, хто вінаватыя, што гэта ўвогуле стала магчыма, яны ж забойцамі будуць!”

Сёньня Алена Захожая не на працы, бо паводле інваліднасьці мае права на дадатковы дзень адпачынку. У сваю чаргу галадоўнік у Наваполацку Анатоль Кулік даводзіць, што больш часу аддае працы:

(Кулік: ) “На працы мне лягчэй, чым дома. Я працую ў прыватнай фірме й, можна сказаць, што бязь ціску. На дзяржаўным прадпрыемстве, вядома, было б інакш. А тут мяне цэняць. Я працую мэханікам. Сам Аляксандар Казулін мусіць адчуваць і ведаць, што падтрымка масавая, усеагульная выратуе і яго, і нас усіх”.

На гэты час стала вядома, што вернікі эвангельскай царквы ў Менску, Берасьці, Лідзе ды іншых гарадах Беларусі заяўляюць пра далучэньне да галадоўкі-посту. Удзел у акцыі бяруць таксама актывісты незарэгістраванага руху “Малады фронт”.
XS
SM
MD
LG