Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новае радыё” засталося без супрацоўнікаў і змоўкла (фота)


Ігар Карней, Менск Спроба абвясьціць пры канцы мінулага тыдня страйк на радыёстанцыі “Новае радыё”, якая належыць Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), скончылася звальненьнем большай часткі супрацоўнікаў. Радыё спыніла працу. У пятніцу два супрацоўнікі ў простым эфіры зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі, каб той уратаваў іх ад сваволі кіраўніцтва. Падставай для радыкальнага кроку стала рашэньне заснавальніка звольніць генэральнага дырэктара “Новага радыё” Віктара Грышанава. Цяпер адказныя за ўрэгуляваньне канфлікту чыноўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў тэрмінова шукаюць замену калектыву. Падбор кадраў мяркуецца завяршыць цягам месяца.

Скандал на “Новым радыё”, заснавальнікам якога Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, разгарэўся ў мінулую пятніцу. Раніцай у простым эфіры неназваныя супрацоўнікі зьвярнуліся да “гаранта законнасьці й Канстытуцыі” Аляксандра Лукашэнкі з просьбай, каб той абараніў калектыў “ад сваволі заснавальніка”.

У прыватнасьці, гаворка ішла пра рашэньне кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў звольніць генэральнага дырэктара “Новага радыё” Віктара Грышанава. Супраць гэтага паўстала бальшыня супрацоўнікаў станцыі. Калі перамовы бакоў ні да чаго не прывялі, радыйцы напісалі заявы аб звальненьні. Пра гэта расказаў адзін з былых супрацоўнікаў “Новага радыё”, які сышоў з калектыву яшчэ раней.

(Былы супрацоўнік “Новага радыё”: ) “Мне патлумачылі так, што звольніўся ўвесь калектыў. Там цяпер засталіся толькі тры чалавекі, якія зусім нядаўна туды ўладкаваліся. Таму проста няма каму працаваць. Хутчэй за ўсё, з-за гэтага і закрыліся”.

Паводле дасьведчаных крыніцаў, сам Віктар Грышанаў пасьля канфлікту з заснавальнікам трапіў у шпіталь. Усе апошнія дні тэлефон Грышанава не адказвае.

Каб нэўтралізаваць напружанасьць, кіраўніцтва ФПБ пастанавіла прыпыніць працу радыёстанцыі мінімум на месяц. Прынамсі, ад сёньняшняга дня офіс “Новага радыё” зачынены, на працу ніхто ня выйшаў. Паралельна падбіраюць новы калектыў.

У Міністэрстве інфармацыі кажуць, што ўмешвацца ў канфлікт не зьбіраюцца. А тое, што цягам нейкага часу на частаце 98,4 будзе цішыня, ведамства за праблему ня лічыць. Гаворыць дарадца міністра інфармацыі Віктар Казлоў:

(Казлоў: ) “Нічога страшнага. Я думаю, ўсё гэтай жа радыёстанцыяй аплачана наперад, былі ўнесеныя якіясьці рэгістрацыйныя зборы. То бок, я ня бачу тут ніякай катастрофы. Замоўклі — і замоўклі. Прыватная радыёстанцыя, што хочуць, тое і робяць. Мы ў прынцыпе за гэта не нясем нікай адказнасьці. Мы можам адзінае што, дык альбо выпісаць ліцэнзію, альбо скасаваць яе. Ці прыпыніць яе дзеяньне ў шэрагу выпадкаў. А так — прыватная радыёстанцыя, няхай разьбіраюцца самі: хто ў іх гаспадар, хто выступае, што далей рабіць”.

Трансьляцыя праграмаў у эфіры FM-станцыі “Новае радыё” спынілася як мінімум да сярэдзіны лістапада. Не працуе таксама і інтэрнэт-старонка “Новага радыё”.

У штаце “Новага радыё” не было знакавых ды-джэяў, страта якіх для мэдыйнай FM-прасторы была б заўважнай. Сама радыёстанцыя за два гады існаваньня адзначылася тым, што ў студзені 2005 году першай атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за невыкананьне 75-працэнтнай квоты на беларускіх артыстаў у эфіры. У інфармацыйнай палітыцы станцыі аддавалася перавага навінам з жыцьця праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Дарэчы, ідэя заснаваньня “Новага радыё” цалкам зыходзіла ад кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка. Ён жа колісь ухваліў на пасаду генэральнага дырэктара бізнэсоўца і прадусара Віктара Грышанава.

На фота: канфлікту паміж калектывам “Новага радыё” і Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі папярэднічала ліставаньне. Супрацоўнікі радыёстанцыі наўпрост кажуць, хто вінаваты ў іхных бедах.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG