Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пераносіцца менскі саміт СНД?


Радыё Свабода Чарговы саміт кіраўнікоў краін і ўрадаў СНД, які мусіў адбыцца 17—18 кастрычніка ў Менску, з ініцыятывы Расеі пераносіцца на лістапад. Аляксандар Лукашэнка публічна выказаў незадавальненьне з гэтай нагоды. Якія прычыны чарговага пераносу менскага саміту?

МЗС Расеі накіраваў у выканкам СНД ноту з прапановай перанесьці менскі саміт СНД. У ёй пазначана, што гэтая ініцыятыва робіцца паводле дасягнутай ва Ўральску дамоўленасьці прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна зь лідэрам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым, які зьяўляецца старшынём Рады кіраўнікоў краінаў СНД. Прэсавая сакратарка выканкаму СНД Вера Якубоўская патлумачыла, што гэтая нота цяпер рассылаецца ва ўсе дзяржавы-сябры Судружнасьці.

(Якубоўская: ) “У прынцыпе, калі ўзгоднена са старшынём Рады кіраўнікоў дзяржаваў, то верагодна, гэта і не абмяркоўваецца. Але правілы працэдуры такія, што мы пасылаем у дзяржавы ў якасьці прапановы”.

Спадарыня Якубоўская паведаміла, што новы тэрмін саміту будзе вызначацца праз дыпляматычныя каналы. Прадстаўнік Дэпартамэнту інфармацыі й друку МЗС Расеі Андрэй Краўцоў пра прычыны ініцыятывы пераносу саміту паведаміў:

(Краўцоў: ) “Сапраўды, унесеная такая прапанова ў сувязі з тым, што ня цалкам выпрацаваныя пытаньні парадку дня. Проста не пасьпелі выпрацаваць усе прававыя дакумэнты да тэрміну”.

Паводле спадара Краўцова, новы тэрмін можна будзе вызначыць пасьля ўзгадненьня графіку ўсіх прэзыдэнтаў, каб яны былі вольныя адначасова.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў заявіў, што беларускі бок гатовы прыняць прэзыдэнтаў і 17 кастрычніка:

(Папоў: ) “Лічым, што новая дата, калі яна будзе, павінна быць прадметам агульнага абмеркаваньня паміж дзяржавамі”.

У суботу А.Лукашэнка з нагоды расейскай ініцыятывы выказаў крыўду на “аднаасобныя дзеяньні” некаторых краінаў СНД, якія “лічаць сябе дзяржавамі першага рангу”. Дацэнт маскоўскага Інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш лічыць, што дзеяньні Крамля зьяўляюцца дыпляматычным дэмаршам на адрас афіцыйнага Менску:

(Коктыш: ) “Расея дала зразумець, што яна вельмі пакрыўдзілася на апошнюю прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі, якую ён даў расейскім журналістам. Тады ён вельмі жорстка абвінаваціў Расею ў спробе разваліць саюз. Гэта адбылося ў пік абвастрэньня расейска-грузінскага крызісу. Гэтая заява была ўспрынятая ў Маскве як вельмі несяброўская. Таму гэта дыпляматычны адказ Расеі. Гэта вельмі відавочна”.

Меркаваньне менскага палітоляга Андрэя Фёдарава:

(Фёдараў: ) “Можа, больш рэальная прычына цяпер у расейска-грузінскіх дачыненьнях. Трэба мець на ўвазе, што ніводны з прэзыдэнтаў краінаў СНД, наколькі я ведаю, не падтрымаў афіцыйна Расею, ня выступіў зь нейкай заявай, асуджаючы Грузію”.
XS
SM
MD
LG