Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі?


Радыё Свабода У Расеі забітая вядомая журналістка Ганна Паліткоўская. Калегі з “Новой газеты”, а таксама многія палітыкі й праваабаронцы зьвязваюць забойства Паліткоўскай зь яе прафэсійнай дзейнасьцю. Палітычная аглядальніца дасьледавала тэму парушэньня правоў чалавека ў Чачэніі. Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі? На гэтае пытаньне адказваюць людзі на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Я лічу, што небясьпечна быць журналістам пры нашай уладзе”.

(Спадарыня: ) “Вельмі патрэбная, але вельмі небясьпечная прафэсія. Мала хто любіць праўду, а таму і небясьпечна. Тым ня менш, гэтая праўда патрэбная”.

(Спадар: ) “Я нічога не магу сказаць пра гэта, бо асабліва ніякіх стасункаў з журналістамі ня меў. Але я думаю, што бясьпечна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што так. Таму што ў нас дзяржава ніякіх гарантыяў бясьпекі не дае ні журналістам, ні якім іншым людзям”.

(Спадар: ) “У нас няма такіх перадумоваў. Так, шуміхі нейкія бываюць, але, мне падаецца, яны беспадстаўныя. Каб кагосьці забівалі, рэзалі ці перасьледавалі — такога я ня чуў”.

(Спадар: ) “Журналістам у Беларусі быць можна, але ў залежнасьці ад таго, на якім баку гэты журналіст. Тыя журналісты, якія працуюць у дзяржаўных выданьнях, ім абсалютна бясьпечна. А тыя, якія спрабуюць пісаць праўду, то яны ня ў той краіне, дзе гэта можна рабіць. Вось і ўсё”.

(Юнак: ) “У Беларусі небясьпечна быць журналістам, бо няма свабоды слова, абмежаваны выхад незалежных выданьняў. А ўлады ўсяму гэтаму толькі спрыяюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці небясьпечна быць журналістам у Беларусі?”

(Спадар: ) “Калі ты пішаш тое, што трэба, то ты пішаш. А калі ты пішаш тое, што ня трэба, то ты проста ня пішаш. Вось і ўся сытуацыя”.

(Юначка: ) “Мне падаецца, што ёсьць такая небясьпека для журналістаў. Бо яны паведамляюць пра людзей, якія ня надта добра сябе паводзяць. І гэта ня ўсім падабаецца, што гэта адкрываецца. І таму гэта небясьпечна”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ў Беларусі няма небясьпекі. Бо тут журналісты так адкрыта пісаць ня будуць, як пісала Паліткоўская. Яны ўжо ведаюць, што і як пісаць. Народ запалоханы”.

(Юначка: ) “Наколькі я ведаю, трэба захоўваць меры бясьпекі для журналіста. Бо калі ты пішаш пра людзей, якія парушаюць закон, то гэта папросту можа выйсььці бокам. І ўвогуле, гэта сур’ёзна”.

(Спадар: ) “Лічу, што небясьпека для журналістаў існуе, асабліва для тых, хто больш аб’ектыўна асьвятляе падзеі. Не сакрэт, што часта такіх журналістаў перасьледуюць, як у Беларусі, так і ў Расеі. І вось гэтыя апошнія падзеі, яны гэты факт пацьвярджаюць. Такая ж праблема існуе і ў Беларусі, але яна замоўчваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG