Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто гадоў “Нашай Нівы”: “Язык беларускі — язык ня мёртвы”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі У №2 ад 17 лістапада 1906 году рэдакцыя “Нашай Нівы” дэкляруе моўную палітыку газэты:

“Першы нумэр нашай маленькай газэткі зрабіў шмат шуму ў нас на Белай Русі і ў суседзтві з ёю. Да рэдакцыі пасыпалісь пісулькі, пісьма. З розных старон даляцелі крыкі, што газэтка, выдаваная па беларуску, саўсім непатрэбна, што гэту газэтку лепей было-бы выдаваць, як адны кажуць — па польску, другіе — па расейску, бо беларускі язык, кажуць — язык мёртвы, яго не варта падымаць з магілы. Адказваць на гэта доўго ня будзем, — скажэм толькі, што мы хаця і маглі бы выдаваць газэтку ці па польску, ці па расейску, ці па нямецку або па французку, але пастанавілі друковаць яе на языку “тутэйшым” беларускім. Гэта язык ня мёртвы, ім гаворыць кале дзесяці мільёноў народу, народу цёмнаго, скрыўджэнаго — і ён скарэй нас зразумее, калі мы будзем пісаць у нашой родной беларуской, як шмат хто кажэ — “мужыцкой” мові. Зразумее ня толькі мужык, што сядзіць на ралі, зразумее і фабрычны работнік, што пакінуў родную вёску, каб у чужой старонцы шукаць заработкоў і хлеба; — зразумее і той пан, што жыве каля мужыка і так хочэ, каб газэтка выходзіла па польску, і той чыноўнік, што апекуецца мужыком і гаворэ з ім па расейску”.

У рубрыцы “З усіх старон” газэта паведамляе са Стоўпцаў:

“Ня вельмі даўно ў мястэчку Стоўбцах зладзеі ўкралі пяць коней. Людзі, у каторых пакралі тые коні, прасілі земскаго начальніка пастарацца, каб ім далі паліцэйскіх стражнікоў памагчы злавіць канакрадоў. Стражнікоў, неведамо чаму, не далі. — Дык на штож тагды стражнікі? Ці на тое толькі, каб спакойных людзей чэпаць, а злодзеям патураць? Дзякуй вам за ласку!”
XS
SM
MD
LG