Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь піша лісты ў ізалятары


Любоў Лунёва, Менск Паплечнікі актывістаў незарэгістарванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага прыкладаюць намаганьні для вызваленьня сваіх сяброў. Моладзь штодня ладзіць акцыі падтрымкі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі спыніць перасьлед моладзевых актывістаў. Сёньня адбудзецца другое пасяджэньне Камітэту за вызваленьне Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага. На ім будуць выпрацоўваць накірункі дзейнасьці ў міжнародных арганізацыях.

Паплечнікі Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага не чакалі, што арышт іх сяброў выклікае такую моцную хвалю абурэньня сярод моладзі. Гаворыць актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка:

(Палажанка:) “Арышты Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага не напалохалі людзей, наадварот, моладзь непартыйная, а людзі, якія нават зусім не цікавяйцца палітыкай, далучаюцца да нас і з задавальненьнем удзельнічаюць у нашых акцыяй і флэш мобах. На жаль, у нас ня ўсе флэш мобы прахозяць гладка, бо вельмі пільна сочыць міліцыя, але яны будуць адбывацца штодня. Флэш мобы ня ёсьць паказчыкам нашых дзеяньняў – гэта ёсьць падтрымакай нашых сяброў, якія знаходзяцца за кратамі”.

Маладафронтаўцы ладзяць акцыі пад лёзунгам: “Напішы ліст Паўлу Красоўскаму і Зьмітру Дашкевічу”. Яны дасылаюць лісты ў сьледчыя ізалятары. Апроч таго, у Менску і абласных гарадах амаль штодня з’яўляюцца на афішных слупах партрэты Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага. На сёньняшняе паседжаньне Камітэта ў справе вызваленьня Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага запрасілі юрыстаў і праваабаронцаў. Старшыня Камітэту Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліваў, што артыкул (удзел у незарэгістраванай арганізацыі), паводле якога будуць судзіць Зьмітра, супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам удзел у грамадзкіх аб’яднаньнях. Сябра Камітэту Сяржук Лісічонак паведаміў Свабодзе:

(Лісічонак:) “Правабаронцы, юрысты будуць уносіць шэраг прапановаў адносна працы з міжнароднай супольнасьцю, з міжнароднымі арганізацыямі – ААН, АБСЭ. Шматлікія праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку . “Міжнародная амністыя” даслалі нам свае рэзалюцыі. Яны асуджаюць існуючую сытуацыю. Маладафронтаўцы сапраўды не чакалі такога шырокага розгаласу ў грамадзтве, які атрымалі справы Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага”.

На гэтым тыдні будзе прызначана дата судовага пасяджэньня ў крымінальнай справе Зьмітра Дашкевіча. Павал Красоўскі, якога трымаюць у Віцебскім сьледчым ізалятары мае статус падазраванага ў крымінальнай справе, якую распачалі яшчэ летась па факце тэрактаў у Віцебску. Сьледства мае фотаробат злачынцы. Паводле сьледчага твар Паўла падобны да яго. Яшчэ тыдзень, згодна з заканадаўствам Паўла могуць трымаць пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня.
XS
SM
MD
LG