Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праект закону аб рэкляме напалохаў тэлеканалы АНТ і СТВ?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 9 кастрычніка

У сьвежым нумары газэты “Белорусы и рынок” зьмешчанае журналісцкае дасьледаваньне прычынаў арышту лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Красоўскага і Зьмітра Дашкевіча.

Сёньня чытачы “Народнай волі” даведаюцца чаму акадэмік Аляксандр Вайтовіч заяўляе, што беларуская апазыцыя не імкнецца актывізаваць працу з насельніцтвам.

На пытаньні “Народнай волі” адказвае і старшыня Нацыянальнага камітэта дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька. Ён даводзіць, што на сёньня месца лідэра апазыцыі ў Беларусі ўсё яшчэ свабоднае.

“Народная воля” таксама друкуе рэпартаж з калёніі ля Віцебска, дзе ўтрымліваюцца Сяргей Скрабец і Аляксандар Казулін.

“Белгазета” сёньня нагадвае, што нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў быццам бы пабудаваць новую кватэру ў Менску можна пры кошце квадратнага мэтра ў 450 даляраў. «Белгазета» пярэчыць гэтаму. Аргумэнты – ў артыкуле “Каробка бяз сетак”.

Сёньня “Белгазета” камэнтуе заяву старшыні праўленьня закрытага акцыянэрнага таварыства “Другі нацыянальны канал” Рыгора Кісяля. Пры абмеркаваньні ў Палаце прадстаўнікоў праекту закона аб рэкляме ён заявіў, што тэлеканалам АНТ і СТВ нібыта пагражае закрыцьцё.

Тыднёвік “Витебский курьер» паведамляе пра распаўсюджваньне ў горадзе не бібліятэчнага кнігаабмену. Журналісты заўважылі, што ў кавярнях, парках ды на прыпынках людзі пакідаюць прачытаны твор, на вокладцы якога напісана: “Кніга не страчаная, а ўдзельнічае ў кнігаабмене”. Гэта цікавая гульня, як піша тыднёвік, запазычаная ад Захаду і мае назоў буккросінг.

“Витебский курьер» нагадвае і пра новыя клопаты ўладальнікаў маршрутных таксі: гарадзкая ўлада абавязвае іх набываць прыбор для рэгістрацыі аўтамабіля на базавых станцыях маршрута.Тэхнічная навінка каштуе 220 тысяч рублёў, удакладняе газэта.
XS
SM
MD
LG