Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень у царкве “Новае жыцьцё” галадае 16 вернікаў


Радыё Свабода Яшчэ каля 30 чалавек падтрымліваюць іх акцыю пратэсту і ўвесь час знаходзяцца ў будынку царквы. Пастар і вернікі гавораць, што не аддадуць свайго будынку ўладм і гатовыя бараніцца да апошняга.

Сёньня ўдзень у будынку эвангельскай царквы “Новае жыцьцё”, што месьціцца ў менскім раёне Сухарава, прайшло традыцыйнае нядзельнае набажэнства. У ім брала ўдзел каля 1 тысячы чалавек. Гэта былі ня толькі прыхаджане гэтай царквы, але й вернікі іншых пратэстанцкіх беларускіх цэркваў. Такім чынам яны дэманстравалі сваю салідарнасьць з царквой “Новае жыцьцё”, якую перасьледуюць ўлады. Гаворыць адзін з удзельнікаў галадоўкі-паста, вернік менскай рэфармаванай царквы, палітоляг Уладзімр Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “ Стан галадоўнікаў узьнёслы. Нармальны хрысьціянскі пост. Будзем галадаваць столькі, колькі патрэбна. Ёсьць людзі сталага ўзросту, ёсьць маладыя. Малады пераносяць галадаваньне пакуль што добра, больш сталыя адчуваюць нейкія наступствы. Але мы спадзяемся на сілу і падтрымку Божую”.

На сьценах царквы вісяць транспаранты з надпісамі “Галадоўка! Пост” і “Спыніць дыскрымінацыю эвангельскіх хрысьціянаў на Беларусі!” На падлозе ляжаць спальнікі і стаяць тапчаны, на якіх галадоўнікі адпачываюць. У царкве арганізаваны мэдычны пункт, супрацоўнікі якога сочаць за станам здароўя галадоўнікаў. Да акцыі пратэсту далучаюцца вернікі і зь іншых гарадоў Беларусі. Гаворыць удзельніца галадоўкі Вольга Нікіціна-Кунчэўская:

(Нікіціна-Кунчэўская: ) “Я прыехала з Барысава з царквы “Сьвятло сьвету”. Прыехала па сваіх справах да сяброў. Яны мне распавялі. Я ведала пра “Новае жыцьцё”. Прыехала тут і засталася. Вось ужо другія суткі тут жыву ў царкве. Тут усё вырашаецца. Гэта духоўны пералом. Пра гэта кажа Бог. Хутка мы ўбачым новую Беларусь”.

Пра стан свайго здароўя гаворыць удзельнік галадоўкі Дзяніс Гіль:

(Гіль: ) “ Як хрысьціянін я далучаюся да царквы “Новае жыцьцё”. Пост-галадоўку пераношу абсалютна нармальна. Ідзе трэці дзень, самаадчуваньне добрае”.

А вось, што сказаў Радыё Свабода пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка:

(Ганчарэнка: ) “ Мы спадзяемся на Бога і чакаем, што ён заступіцца за нас. Улада чыніць “беспредел”, таму ў нас ёсьць маральнае права адстойваць справядлівасьць”.

Удзельнікі акцыі пратэсту не зьбіраюцца саступаць перад ціскам ўладаў і будуць бараніць свой будынак усімі даступнымі мэтадамі.

21 ліпеня гаспадарчы суд Менска абавязаў царкву “Новае жыцьцё” прадаць будынак царквы па вуліцы Кавалёва 72 Менгарвыканкаму за 37 мільёнаў 581 тысячу рублёў (каля 17 тысячаў даляраў) І вызваліць памяшканьне да 8 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG