Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейска-грузінскі канфлікт паўплывае на адносіны Беларусі й Расеі?


Галіна Абакунчык, Менск На Вашую думку, як можа цяперашні расейска-грузінскі канфлікт адбіцца на будучых дачыненьнях Беларусі і Расеі? Гэтае пытаньне людзям на вуліцы ў Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “Канечне, паўплывае. Чаму ж не паўплывае? Яны ж зараз палезуць на Беларусь гэтыя грузіны. Лепш няхай ня лезуць. Словам, я за Расею”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ня можа паўплываць ніякім чынам, бо Расея і Беларусь – гэта зусім іншыя краіны, чым Расея і Грузія. Гэта розныя народы, гэта розныя культуры. А мы амаль што адзіныя з Расеяй, таму нічога падобнага быць ня можа”.

(Юнак: ) “Ні ў якім разе не паўплывае. Мы ведаем, які гэта гулец Грузія і якую гульню яна вядзе. А калі гэта паўплывае на адносіны Беларусі і Расеі ў нэгатыўным пляне, то гэта вельмі добра. Я ня ведаю прычынаў, паводле якіх мы павінны быць з Расеяй у саюзе”.

(Спадар: ) "Можа паўплываць так, што мы будзем крыху баяцца Расеі. Бо Расея мае сілу, а мы слабыя. Паглядзім, што там будзе".

(Спадарыня: ) “Я лічу так, што гэта іх краіна, і яны павінныя самі вырашаць свае пытаньні. Ні Расея не павінна ўмешвацца, ні Беларусь, ні Амэрыка – ніхто. Ніхто не павінен замінаць людзям жыць так, як яны хочуць”.

(Карэспандэнтка: ) “На Вашую думку, як зможа цяперашні расейска-грузінскі канфлікт адбіцца на будучых дачыненьнях Беларусі і Расеі?”

(Спадар: ) “Як кажуць палякі, пажывем – пабачым”.

(Юнак: ) “Расейска-грузінскі? Нават ня ведаю, напэўна, ніяк не адаб’ецца. Я сумняюся, што Расея выявіць нейкую агрэсію супраць Беларусі”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ніяк не паўплывае, хіба неяк ускосна. Хіба, як прыклад, калі Расея задушыць Грузію ў сваіх палкіх абдымках, то тады і да Беларусі дабярэцца”.

(Спадар: ) “Калі гаварыць пра грузінска-расейскія адносіны, то гэта іх адносіны. Я чамусьці ўпэўнены, што грузінска-расейскія адносіны ня ёсьць супэргеапалітыкай, якая можа паўплываць на расейска-беларускія адносіны. Яны будуць залежаць толькі ад дзеяньня беларускіх уладаў і нават беларускай апазыцыі. Калі яна будзе моцна аб’яднаная і будзе ведаць, што яна хоча”.
XS
SM
MD
LG