Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні распачаліся Дні беларускай культуры


Сяргей Навумчык, Вільня Некалькі дзясяткаў грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі і Літвы сабраліся ў Вільні, каб абмеркаваць сучасны стан і пэрспэктывы беларускай культуры. Гэтае мерапрыемства арганізаванае таварыствам беларускай культуры ў Літве пры падтрымцы прэзыдэнта Валдаса Адамкуса і прысьвечана 100-годзьдзю заснаваньня газэты "Наша Ніва".

У сваім прывітальным слове старшыня рады БНР Івонка Сурвіла адзначыла, што менавіта нацыянальную культуру праціўнікі незалежнасьці Беларусі абралі прыярытэтам на зьнішчэньне. Дэпутат літоўскага Сэйму Ёнас Чэкуоліс заверыў пра нязьменную падтрымку беларускай культуры з боку Літвы. Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што "калі мы хочам зрабіць зьмену ў Беларусі, мы павінны быць на пэўным узроўні нацыянальнай культуры. Дзеячы культуры павінны актыўна ўваходзіць у палітыку, а што да беларускай дыяспары ў сьвеце, дык яна робіць сваю справу дасканала".

Прывітаньне беларусаў Аўстраліі зачытаў старшыня беларускай суполкі ў Мэльбурне Янка Барысевіч, ад імя беларусаў Латвіі выступіла Тацяна Казак, ад імя беларусаў Брытаніі слова мелі Павал Краўцоў і Лёля Міхалюк. Пісьменьнік Вітаўтас Бубніс гаварыў аб сваёй сустрэчы з Васілём Быкавым, якога назваў вялікім пісьменьнікам ХХ стагодзьдзя.

У канфэрэнцыях і дыскусіях, якія адбываюцца ў межах дзён беларускай культуры ў Вільні, бяруць удзел паэты Генадзь Бураўкін і Сяргей Законьнікаў, празаікі Вольга Іпатава і Алесь Пашкевіч, мастакі Мікола Купава і Алесь Пушкін, бард Віктар Шалкевіч, публіцыст Аляксандар Старыкевіч, гісторык Алег Трусаў акадэмік Радзім Гарэцкі. Свае выступы даслалі Зянон Пазьняк зь Нью-Ёрку, Янка Жучка з Бэльгіі, Анатоль Грыцкевіч зь Менску. Завершацца Дні беларускай культуры адкрыцьцём мэмарыяльнай шыльды на доме, дзе жыла Натальля Арсеньнева.
XS
SM
MD
LG