Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры і паплечнікі Паўла Красоўскага рыхтуюцца да яго абароны


Радыё Свабода Моладзевы актывіст з Жодзіна, 23-х гадовы Павал Красоўскі ўжо трэці дзень знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Яго падазраюць у арганізацыі шэрагу выбухаў у Віцебску ў верасьні мінулага году. Гэты крымінальны артыкул прадугледжвае нават сьмяротнае пакараньне. Тым часам паплечнікі і сябры Паўла рыхтуюць шэраг акцыяў у ягоную абарону.

Арыштамі Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага ўлады сваіх мэтаў не дасягнулі. У гэтым упэўнены сябра камітэту ў абарону гэтых моладзевых лідэраў Зьміцер Хведарук. Вось што ён сказаў Радыё Свабода:

(Хведарук: ) “Мы мяркуем, што гэта быў яшчэ адзін крок ў спробе прыдушыць "Малады фронт". Калі яны лічылі, што гэтым яны спыняць дзейнасьць арганізацыі, то яны пэўна ж памыляліся. Бо з гэтай нагоды пачала працаваць, пачала прыходзіць у арганізацыю, цікавіцца грамадзкімі справамі. Я ўпэўнены, што гэтыя працэсы прыцягнуць увагу ўсяго беларускага грамадзтва ды прынясуць нейкі плён і перамены.

На гэтым мы ня спынімся. Мы рыхтуем шэраг акцыяў і будзем спрабаваць выцягнуць Пашу з гэтага цяжкога становішча”.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што ўлады цяпер узяліся за выкананьне сваіх ранейшых напрацовак па абвінавачваньні моладзевых актывістаў у тэрарыстычнай дзейнасьці:

(Бяляцкі: ) “ Як мне падаецца, гэта нейкае поўнае вар’яцтва. Падчас выбараў мы чулі пра “тэрарыстычныя інтэнцыі” моладзевых няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, але, відаць, уладам не было часу й нагоды распачаць гэтыя справы. А іхныя напрацоўкі спрацавалі вось цяпер.

Чаму так адбылося і чаму са спазьненьнем? Тут можна меркаваць, але для нас, для праваабаронцаў, відавочна, што гэта заказная палітычная справа. Па нейкіх фармальных парамэтрах яны зачапіліся за Красоўскага і спрабуюць павесіць на яго гэтыя віцебскія выбухі”.

У родным горадзе Паўла Красоўскага Жодзіна ягоныя сябры і паплечнікі рыхтуюцца да інфармацыйнай і абарончай грамадзкай кампаніі. Гаворыць сябар Паўла Красоўскага Сяржук Гудзілін:

(Гудзілін: ) “Мабілізаваныя ўсе ягоныя знаёмыя, партыі, усе з кім ён супрацоўнічаў. Цяпер вельмі складаная сытуацыя з інфармаваньнем людзей, бо справа вельмі складаная. Мы яшчэ не вызначыліся з пасыламі, з канцэпцыяй таго, як гэта будзе падавацца людзям.

Асноўная ж задача – праінфармаваць актывістаў, лідэраў партыяў і рухаў гораду Жодзіна, магчыма зладзіць у бліжэйшыя дні акцыі салідарнасьці. І думаю, што на пачатку тыдня будзе створаны нейкі аргкамітэт ці рух, які будзе патрабаваць вызваліць Паўла Красоўскага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG