Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (30.09-06.10.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

"Я мяркую, што балканскія краіны Сэрбія, Альбанія аднойчы, калі б туды хацелі, калі б выканалі ўмовы, павінны да яго Эўразьвязу належаць, гэтаксама як Беларусь і Ўкраіна. Але на гэтым канец, далей пачынаецца іншае кола цывілізацыі, іншы сьвет, які павінен мець гарманічныя сувязі з гэтым сьветам".

Вацлаў Гавэл, былы прэзыдэнт Чэхіі – аб пэрспэктывах пашырэньня Эўрапейскага зьвязу.

"Вам усім, мабыць, надакучылі агітацыйныя й друкаваныя матэрыялы, якія былі вырабленыя ў Смаленску, Волагдзе і г.д."

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтравыбаркаму – пра новыя папраўкі ў выбарчы кодэкс, згодна зь якімі, прынамсі, усе агітацыйныя матэрыялы на выбарах любога ўзроўню можна будзе вырабляць выключна на тэрыторыі Беларусі.

"Я сёньня бачу, што Палітрада ня можа стацца ядром гэтага руху, і бяру проста на сябе адказнасьць за рэалізацыю таго, што было абяцана і было ўспрынята з такой радасьцю людзьмі".

Старшыня Палітычнай Рады дэмакратычнай кааліцыі Аляксандар Мілінкевіч – пра свой намер узначаліць рух “За свабоду”.

"Мілінкевіч увайшоў у палітыку, але сёньня ён не абапіраецца ні на адну партыю, бо ён беспартыйны чалавек. І калі ён мае намер стварыць рух, які будзе дзейнічаць эфэктыўна і працаваць на дэмакратыю ў Беларусі, то думаю, што ў гэтым нічога кепскага няма".

Сяргей Калякін, старшыня Партыі Камуністаў Беларускай – пра намер А.Мілінкевіча ўзяць на сябе арганізацыю руху “За свабоду”.

"У Італіі да Вікі паставіліся як да мафіёзі. Яе павезьлі ўначы ў аэрапорт, як нейкі груз, потым пасадзілі ў самалёт дзеля таго, каб уручыць беларускім уладам. Урад прэм’ера Продзі замест таго, каб расьсьледаваць гісторыю Вікі, узяў ды па-фарысейску накіраваў яе ў Беларусь. Гэта ганьба для ўсёй Італіі".

Сэнатар італьянскага парлямэнту Сандра Маначэлі – пра выдачу беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз, якая хацела застацца ў Італіі, беларускім уладам.

"У Расеі свая палітыка. Нам што да яе? Важна, каб нам было добра".

Малады гамельчук – у адказ на пытаньне «Свабоды» аб палітыцы Расеі адносна Грузіі.

"Калі трэба ўзмацняць санкцыі супраць Менску, то давайце павялічым колькасьць беларускіх чыноўнікаў, якім забароненыя ўезд у Эўразьвяз, ад адной тысячы да дзьвюх тысяч".

Прэм''ер-міністар Літвы Гедымінас Кіркілас – пра нэгатыўнае стаўленьне Літвы да пэрспэктывы ўвядзеньня эканамічных санкцыяў адносна Беларусі.

"На галадоўку я гляджу скептычна. Бо такі досьвед мы ўжо маем: улада на гэта мала рэагуе, а грамадзкасьць мала ведае. Усё ж я лічу, што нас, апазыцыянэраў, ня так і шмат, і мы павінны быць жывыя й здаровыя".

Анатоль Ляўковіч, выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» – пра плянаваную галадоўку лідэра партыі А.Казуліна.

"І асабліва пра танкі, якія пойдуць на Расею. І мы, беларусы, ўсе, як адзін, пад танкі ляжам. Але, калі “расейскія браты” адважацца павялічыць “бацьку” кошт на газ, то ён пасябруе з Кастра ці якім-небудзь Хусэйнам. І ўжо танкі ці коньніца наўпрост паскачуць на Расею транзытам".

Званок слухача «Свабоды».

"Я ўжо перастаў баяцца пакараньняў, бо калі дзейнічаць у палітыцы выключна паводле закону, то варта схавацца ў падвале і не выходзіць на вуліцу".

Старшыня Палітычнай Рады дэмакратычнай кааліцыі Аляксандар Мілінкевіч – падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце «Свабоды».

"Трэба было беларусізацыю рабіць – ён па-беларуску гаварыў, беларускія школы адкрываў у Слуцку, калі ён там кіраваў. Калі палітыка зьмянілася — ён гэтыя школы ўсе закрыў".

Лявон Баршчэўскі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі – пра Зянона Ломаця, прызначанага старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю.

"Мы абмяркоўвалі шырокае кола праблем – ня толькі па Каўказе, але і расейска-беларускія адносіны. Усе пагадзіліся з тым, што сытуацыя склалася крытычная".

Сяргей Бабурын, віцэ-сьпікер Дзярждумы – пра сустрэчу кіраўніцтва Думы з прэзыдэнтам У.Пуціным.

"Мы зьвязаныя саюзнымі стасункамі з Расеяй, і, натуральна, гэты канал для мігрантаў з Грузіі ў Расею будзе зачынены, калі ўзьнікне неабходнасьць. Пакуль ідуць кансультацыі".

Вадзім Папоў, старшыня камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў – пра візавы рэжым для грамадзянаў Грузіі.

"Я лічу, што хлопцаў павінны выхоўваць мужыкі, а не нейкія бабы. Таму што ў садочку – бабы, у школе – настаўніцы, таксама жанчыны. Таму я б з задавальненьнем... Але, на жаль, знайсьці такога наўрад ці атрымаецца".

Тацьцяна Гацура, маладая маці – пра выхаваньне хлопчыкаў

"Ніякай саюзнай дзяржавы ніколі не будзе, хто хоча,– хай уступае ў Расейскую Фэдэрацыю".

Уладзімер Жырыноўскі, віцэ-сьпікэр Дзярждумы Расеі, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі.

"Згодна з заканадаўствам, мы ўвогуле самыя безабаронныя істоты".

Юры Данькоў, уладальнік сеткі казіно “Данькофф” прадпрыемства “Джорджык і К” – пра заканадаўства аб азартных гульнях.
XS
SM
MD
LG