Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: хунвэйбіны


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Упершыню слова “хунвэйбін” прагучала сорак гадоў таму. Дзіўнае, слова, трывожнае. Усё адно як вогненны цмок прыляцеў – той самы, з кітайскага тэрмасу. Уадначас і даволі рызыкоўнае. Нездарма дыктарам радыё і тэлебачаньня загадалі ўцямна прамаўляць першы склад. У перакладзе “хунвэйбін” азначае “чырвоны ахоўнік”. Так назвалі сябе вучні адной з пэкінскіх школаў, што ў траўні 1966-га выдалі маніхвэст, у якім пакляліся да апошняй кроплі крыві служыць рэвалюцыі і асабіста вялікаму правадыру Мао Цзэ-дуну. Таго году ў Кітаі пачалася “вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя”. Яна ставіла за мэту палітычную санацыю грамадзтва шляхам ачышчэньня яго ад буржуазных рэвізіяністаў. Ударнай сілай гэтай палітычнай кампаніі сталі зграі вучнёўскай і студэнцкай моладзі – хунвэйбіны.

У 1966 годзе я вучыўся ў пятым клясе і ўважліва сачыў за тым, што дзеялася ў краіне вогненнага цмока. Газэты рэгулярна зьмяшчалі артыкулы пад назвай “Падзеі ў Кітаі”. Зрэдзьчасу зьяўляліся і цьмяныя фотаздымкі, на якіх маладзёны ў зрэбных, напаўвайсковага крою куртках трымалі над галовамі цытатнікі Мао альбо давалі кухталёў сівагаловым унівэрсытэцкім выкладчыкам. Падзеі культурнай рэвалюцыі спарадзілі процьму показак, крылатую прымаўку – “У цябе розуму – як у вагона хунвэйбінаў” ды гарэзьлівую прыпеўку:

"Полюбила хунвэйбина и повесила портрет, А наутро просыпаюсь… (і далей па тэксьце)".

Адгукнуўся на падзеі культурнай рэвалюцыі і тадышні кумір прасунутай моладзі Ўладзімер Высоцкі. “Не ходите, дети, в школу, приходите бить крамолу”, – сьпяваў ён у адным з сваіх, далёка ня самых лепшых, зонгаў. Ну а ў беларускай вёсцы хунвэйбінамі кароткі час называлі малалетніх зладзюганаў, што трэсьлі чужыя сады і наагул – нехлямяжа апраненых маладзёнаў. У адной зь вёсак на Гарадоччыне Хунвэйбінам назвалі дваровага сабаку. Такую мянушку ён заслужыў таму, што шчанюком ўчапіўся зубамі ў нагавіцы калгаснага старшыні.

Хунвэйбіны ладзілі суды на рэвізіяністамі амаль год, балазе ад заняткаў у школе яны былі вызваленыя. Пры гэтым шмат каго зьнявечылі, а некаторых і выправілі на той сьвет. 7 сакавіка 1967 году выйшаў загад, паводле якога ў кітайскіх школах павінны былі пачацца заняткі. Аднак, адчуўшы вольніцу, “чырвоныя ахоўнікі” працягвалі змаганьне з рэвізіянізмам, і ў выніку самыя актыўныя і няўрымсьлівыя былі высланыя з гарадоў на перавыхаваньне. І ўжо ім самім давялося перавыхоўвацца на рысавых чэках, атрымліваючы, у духу вучэньня вялікага правадыра, бамбукавай палкай па сьпіне і чуючы пагрозьлівы воклік: “Варушыся, хунвэйбін!”
XS
SM
MD
LG