Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Антоні Ляшчэвіч (30.9.1980 – 17.2.1943)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Кажуць, што ў апошнія моманты жыцьця перад вачыма чалавека маланкава праносіцца ўвесь ягоны шлях. Калі гэта так, у той страшны лютаўскі дзень 1943-га Антоні Ляшчэвіч убачыў бацькоў Яна й Караліну, родную вёску сярод падвіленскіх узвышшаў, сяброў з Санкт-Пецярбурскай духоўнай сэмінарыі, сваё высьвячэньне на Велікодныя сьвяты ў 1914-м, Харбін, дзе два дзесяцігодзьдзі быў місіянэрам, уступленьне ў Ордэн марыянаў...

Ад 1939 году айцец Антоні Ляшчэвіч вёў душпастырскую дзейнасьць на Радзіме — спачатку ў Друі, а потым у Росіцы на Дрысеншчыне. У другую ваенную зіму ў навакольлі зьявіліся фашысцкія карнікі. Мясцовых жыхароў, пераважна старых, жанчын і дзяцей, быццам жывёлу, сагналі на сартаваньне ў касьцёл. Адных чакалі канцлягеры, другіх — сьмерць у агні. Антоні Ляшчэвіч і ягоны паплечнік, таксама брат-марыянін, Юры Кашыра адпраўлялі ў храме Сьвятую імшу, прычашчалі, спавядалі, хрысьцілі дзяцей, багаслаўлялі й суцяшалі тых, хто быў у роспачы.

Дамовіўшыся зь нямецкім афіцэрам, айцец Антоні ўратаваў ад сьмерці дзевяць беларускіх сясьцёр-эўхарыстак, якія займаліся ў Росіцы катэхізацыяй.

Тым часам людзей пачалі групамі выводзіць з касьцёлу і паліць ў будынках. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Дзяцей наколвалі на штыкі.

Камандаваньне карнікаў прапанавала сьвятарам жыцьцё. Але яны ўжо зрабілі свой выбар, пастанавіўшы да канца застацца з прыхаджанамі. Відавочцы сьведчаць, што Ляшчэвіч да астатніх хвілінаў выяўляў неверагодны спакой: зьмяніў мокрыя шкарпэткі на сухія, запытаўсяў вернікаў, ці трэба перад сконам пад’есьці, ці ўсё ж лепей быць галодным, ахінуў вакол шыі шалік. Празь некалькі хвілінаў ён увайшоў разам зь людзьмі ў агонь...

Назаўтра такую ж вусьцішную сьмерць прыняў айцец Юры Кашыра.

У 1999 годзе папа рымскі Ян Павел ІІ бэатыфікаваў росіцкіх пакутнікаў. Усё больш масавымі робяцца штогадовыя пілігрымкі ў Росіцу да касьцёлу Сьвятой Тройцы. Айцы-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра сталі героямі раману вядомай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая”.
XS
SM
MD
LG