Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 6 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

“Нацягнутыя стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю” – так завецца артыкул аглядальніка польскай“Gazeta Wyborcza” Вацлава Радзівіновіча, зьмешчаны ў электроннай вэрсіі выданьня. Вацлаў Радзівіновіч піша, што Аляксандар Лукашэнка выбраў час для крытыкі Крамля, калі маскоўскае кіраўніцтва занятае канфліктам з Грузіяй. Таксама Вацлаў Радзівіновіч нагадаў, што напярэдадні міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў польскую меншасьць ў Беларусі з расейскай у Латвіі, маўляў, гэтак сама цкуюць. Артыкул выклікаў вялікую дыскусію на сайце “Выборчэй”. Вось некаторыя з водгукаў з форумаў выданьня:

“У беларуска-расейскіх дачыненьнях палякаў найперш хвалюе лёс нафта– і газаправодаў”.

“Скончыцца тым, што Беларусь аддасьць Расеі тыя трубаправоды”.

Таксама польскія ўдзельнікі форуму разважаюць пра магчымасьць зьмены ўлады ў Беларусі:

“Калі б у Беларусі пачало штосьці адбывацца, дыпляматы з Польшчы, Расеі, Украіны і балтыйскіх дзяржаваў павінны прыехаць, каб дапамагчы грамадзтву прыняць уладу ад рэжыму”.

На форумах парталу tut.by абмяркоўваюць “Дажынкі”. Гэтым разам фэстываль працаўнікоў сяла адбываецца ў Бабруйску. Удзельнік форуму пад нікам Скарына Піцерскі піша: “Нарэшце мы пабачым даярак, якія зарабляюць па 600 даляраў. Калі будуць сымпатычныя, то можа ажанюся”. А карыстальнік пад нікам Правасудзіе заступаецца за гарадзкіх рабочых: “Ну, вось і надышло галоўнае сьвята… А што – рабочыя ня людзі, ці яны менш за калгасьнікаў працуюць? Дзе сьвята такарнага станка?”

Расейская “Независимая газета” камэнтуе сытуацыю, калі беларускі ўрад адмяніў патрабаваньне да гандлёвых прадпрыемстваў мець у асартымэнце ня менш за 70% тавараў беларускай вытворчасьці. А таксама расейскія вытворцы атрымалі роўныя зь беларусамі магчымасьці ўдзелу ў тэндэрных закупах коштам дзяржбюджэту. Аглядальнік выданьня Антон Хадасевіч мяркуе, што названыя саступкі вельмі значныя. Тым ня менш, рознагалосьсі ў пытаньнях гандлю не спыніліся. “Расея выставіла Беларусі 79 гандлёвых прэтэнзіяў, а Беларусь – 30”, – адзначае Антон Хадасевіч.

Пэрсона Аляксандра Лукашэнкі не застаецца без увагі расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў. Так на сайце Basik.ru зьмешчаная падборка пад назвай “Лепшыя цытаты Лукашэнкі”:

"Гуманітарная дапамога – гэта бясплатна, гэта для народу, у тым ліку для навукоўцаў, для чыноўнікаў".

"Ля кармушкі, імя якой улада, усе рохкаюць аднолькава: і чырвоныя, і белыя".

"Я на гэтай зямлі нарадзіўся, я тут і памру! Чаго б мне гэта ні каштавала!"

"Я вельмі люблю спорт – гэта мая лепшая якасьць".

"Унікальнасьць сытуацыі ў Беларусі ў тым, што я нікому нічога не абавязаны".

Блогер Slaver_be дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад імпрэзы ў сэрыі, прысьвечанай 100-дзьдзю газэты “Наша Ніва”. Імпрэза ладзілася напярэдадні ў менскім Палацы Мастацтва.

Атмасфэра ў залі была вельмі цёплай і ўтульнай. Спачатку зь невялікім уступам выступіў галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. Пасьля сваю прамову сказаў сам «паэтычны аглядальнік» Аляксандар Фядута. Пару словаў аб спадары feduta, зь якім мне пашчасьціла разьвіртуаліцца. Ягоная асоба выклікае шматлікія спрэчкі, ў яго шмат сябраў і ворагаў… А вось мне, нягледзячы ні на што, спадабаўся гэты ветлівы, задорысты, вялікі чалавек зь юнацкім позіркам і зацікаўленасьцю да ўсяго… Тут жа ў блогу можна спампаваць прамову Аляксандра Фядуты(5 хвілінаў, 1,9 мэгабайтаў http://files.ultra-music.com/mp3/feduta_20061005.mp3 – “Ня пужайцеся дзіцячага галасу – шмат хто прыйшоў зь дзецьмі :))” – папярэджвае блогер.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG