Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прынясуць зьмены ў Выбарчы кодэкс?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: cтаршыня выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер і экспэрт Фонду імя Лява Сапегі Андрэй Завадзкі.

(Валер Карбалевіч: ) “Папраўкі ў выбарчае заканадаўства сталі нечаканасьцю для палітычнай грамадзкасьці. Усе прапановы апазыцыі пра такія зьмены — дзеля гэтага нават ладзілася галадоўка на чале з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў з групы “Рэспубліка” — улады адкідалі. Кіраўніцтва краіны казала, што патрэбная стабільнасьць заканадаўства, што нельга ўносіць зьменаў напярэдадні выбарчай кампаніі. Цяпер усе гэтыя аргумэнты адпалі.

Больш за тое, галоўная навіна — пераход да выбараў у адзін тур на мясцовых выбарах — гэта зьмена ўсёй выбарчай ідэалёгіі беларускіх уладаў. Дасюль афіцыйныя прапагандысты сьцьвярджалі, што, маўляў, у Беларусі, адрозна ад іншых краінаў, сапраўдная дэмакратыя, бо выбраныя дэпутаты маюць вялікую народную легітымнасьць, за іх галасуе больш як 50%. На гэтай падставе ўлады ўсяляк працівіліся скасаваньню палажэньня аб неабходнасьці яўкі на выбары больш як 50% выбарцаў у акрузе. Гэтак было нават у 1990-я гады, калі многія людзі ігнаравалі выбары. І вось цяпер адбыўся пераход да мажарытарнай сыстэмы — адноснай большасьці на мясцовых выбарах. Цяпер можна стаць дэпутатам, набраўшы, напрыклад, 5% галасоў.

Зьмены ў Выбарчы кодэкс сталі нечаканымі для апазыцыі, якая не змагла правесьці піяр-кампаніі ў падтрымку сваіх прапановаў. Толькі ў апошні момант Аб’яднаная грамадзянская партыя пасьпела прапанаваць свае папраўкі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Чаму ўлады вырашылі перайсьці да выбараў у адзін тур на мясцовых выбарах?”

(Сяргей Альфер: ) “АГП падала свае папраўкі ў Палату прадстаўнікоў за паўтара тыдня да разгляду. Але дзіўна, што ніводзін суб’ект заканадаўчай ініцыятывы ні разу не згадаў пра тое, што ёсьць альтэрнатыўныя прапановы ў Выбарчы кодэкс. Антыдэмакратычныя папраўкі былі прынятыя амаль без абмеркаваньня. І мы бачым, каму служаць гэтыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Пераход да выбараў у адзін тур я б патлумачыў дзьвюма прычынамі. Найперш гэта эканомія дзяржаўных сродкаў. З 2000 году амаль усе выбары ў Беларусі праходзяць у адзін тур. Але грошы выдаткоўваюцца на два туры. Паколькі яны ўсе не выкарыстоўвацца, то іх трэба вяртаць назад. А тут ёсьць пэўныя цяжкасьці.

Але больш важна іншае. Пры выбарах у адзін тур уладам лягчэй праводзіць свайго кандыдата. Дасюль часта здаралася такая сытуацыя, калі кандыдат ад улады, які ўвогуле не праводзіў ніякай выбарчай кампаніі, якога ня ведаюць выбарцы, раптам атрымліваў 60—65% галасоў. Усім было зразумела, што гэта фальсыфікацыя. Цяпер фальсыфікаваць выбары будзе лягчэй. Для свайго кандыдата яны намалююць, скажам, 25%, а іншыя атрымаюць 15%, 10%. Гэта будзе выглядаць больш праўдападобна”.

(Андрэй Завадзкі: ) “Вядома, што ў нас вынікі выбараў не залежаць ад таго, як галасуюць выбаршчыкі. Яны залежаць ад таго, як сфармаваныя выбарчыя камісіі, як падлічаныя ці агучаныя вынікі. Але нават у такім загадзя вырашаным сюжэце могуць быць нечаканасьці. І ўлады хацелі б іх пазьбегнуць.

Сапраўды, калі пераможцу даюць завысокі працэнт галасоў, то гэта ставіць улады ў няёмкую пазыцыю. Цяпер можна маляваць пераможцу значна менш галасоў.

Зь іншага боку, калі дапусьціць другі тур, то заўсёды ёсьць небясьпека, што дэмакратычныя кандыдаты атрымліваюць нейкія шанцы. У некаторых рэгіёнах такое адбылося падчас мінулых мясцовых выбараў. І ўлады прыйшлі да высновы, што сытуацыю трэба вырашыць кардынальна, ліквідаваўшы ўвогуле другі тур.

Увогуле, выбары ў адзін тур — гэта ўсясьветная практыка. Найбольш гэта адбываецца ў тых краінах, дзе існуе прапарцыйная выбарчая сыстэма, якая і не прадугледжвае другога туру. Усе нашы суседзі ўжо перайшлі на такую сыстэму. А сапраўдныя выбары ня могуць адбыцца ў несвабодным грамадзтве, дзе народам маніпулююць”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, гэтыя зьмены ёсьць вынікам прэзыдэнцкай кампаніі. Здаецца, ва ўладаў зьявіўся пэўны страх перад выбарамі ўвогуле. Таму тут відаць жаданьне скараціць тэрмін кампаніі, правесьці яе хутчэй, за адзін тур. Пераход да выбараў за адзін тур, відаць, вымагае ад удзельнікаў выбарчай кампаніі зьмены тактыкі. Як гэта можа праявіцца?”

(Альфер: ) “Трэба вызначыцца: мы ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі пад назвай “мясцовыя выбары” ці мы ўдзельнічаем у сапраўдных выбарах? Калі мы ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі, тады зьмены ў заканадаўстве мала ўплываюць на тэхналёгію вядзеньня кампаніі.

Але ў рэгіёнах, дзе ёсьць шанец на перамогу, тэхналёгія выбарчай кампаніі павінна мяняцца. Кандыдат не павінен змагацца за большасьць, ахапіць як мага большы электаральны сэгмэнт. Яму трэба знайсьці сваю мэтавую групу, заваяваць яе ўсю — і гэтага, магчыма, будзе дастаткова дзеля перамогі.

Для апазыцыі выбары за адзін тур больш выгадныя. Бо ў яе ёсьць свой цьвёрды электарат. І калі б гэта былі сапраўдныя выбары, то задача б палягала ў тым, каб мабілізаваць сваіх выбаршчыкаў — прыйсьці на выбарчыя ўчасткі”.

(Завадзкі: ) “Усё залежыць не ад колькасьці тураў, а ад таго, як будуць сфармаваныя выбарчыя камісіі, як яны будуць лічыць. Дагэтуль усе выбарчыя камісіі фармаваліся недэмакратычна”.

(Карбалевіч: ) “Калі сапраўды змагацца за дэпутацкі мандат, то гэта вымагае ад апазыцыі неабходнасьці вылучаць у кожнай акрузе толькі аднаго кандыдата. Калі выбары былі за два туры, можна было на першы тур ісьці некалькім кандыдатам, а ў другім аб’яднаць электарат. Цяпер гэта немагчыма. Якія яшчэ важныя зьмены ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс?”

(Альфер: ) “Я б зьвярнуў увагу яшчэ на дзьве папраўкі. Па-першае, цяпер заканадаўства забараняе распаўсюджваць выбарчую прадукцыю ў перадвыбарчы пэрыяд. Раней да абвяшчэньня выбараў можна было распаўсюджваць любыя матэрыялы, і не было ніякай адказнасьці. І нават незаконнае выкарыстаньне выбарчай прадукцыі пасьля абвяшчэньня выбараў каралася папярэджаньнем кандыдату.

Цяпер за ўсё гэта будуць караць. З улікам ужываньня права, якое распаўсюджанае ў Беларусі, улады могуць зьняць любога прэтэндэнта з выбарчай кампаніі.

Тыя грошы, якія дзяржава выдаткоўвае на выбары (а іншых грошай выкарыстоўваць нельга, забаронена карыстацца выбарчымі фондамі, што зьяўляецца аксіёмай для ўсіх краінаў), не хапае, каб зрабіць якасную выбарчую прадукцыю ў колькасьці, дастатковай для ахопу ўсіх выбарцаў.

Цяпер усе сустрэчы з выбарцамі, акрамя абходу кватэраў, павінны праходзіць у адпаведнасьці з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. То бок, іх прыраўнялі да мітынгаў, дэманстрацыяў і іншага. Раней такое патрабаваньне рэглямэнтавалася пастановай Цэнтравыбаркаму. Цяпер гэта стала законам. Цяпер улады могуць даць дазвол на сустрэчы з выбарцамі цягам пятнаццаці дзён з моманту падачы заявы, а могуць і ня даць. Акрамя таго, улады вызначаюць час і месца правядзеньня такіх сустрэчаў. І мы маем шмат прыкладаў, калі прызначаюць такое месца, дзе нават сабакі ня хочуць зьбірацца.

З палітычнага гледзішча гэта нонсэнс. У сьвеце не прынята рэглямэнтаваць сустрэчы з выбарцамі падчас выбарчай кампаніі. Улады робяць усё, каб перашкодзіць кандыдатам данесьці да выбарцаў сваю агітацыйную прадукцыю, праграмы. Улады ня хочуць, каб выбарцы пазнаёміліся з кандыдатамі і ўвогуле даведаліся, што адбываюцца выбары”.

(Завадскі: ) “Калі казаць пра рэглямэнтацыю сустрэчаў кандыдата з выбаршчыкамі, то сапраўды, складваецца кур’ёзная сытуацыя. Кандыдат у дэпутаты падчас выбарчай кампаніі жыве сярод сваіх выбарцаў, міжволі сустракаецца зь імі. Раптоўная сустрэча ў двары з двума-трыма выбарцамі будзе лічыцца несанкцыянаванай сустрэчай?

Тут могуць быць і правакацыі. Супрацоўнікі спэцслужбаў ці падкупленыя грамадзяне могуць наўмысна атачыць кандыдата на вуліцы, а потым заявіць, што ён праводзіць несанкцыянаваную сустрэчу.

Чамусьці зноў узьнікла ў Выбарчым кодэксе пытаньне пра замежную дапамогу. Там і раней было запісана, што ўсялякая падтрымка замежных структураў (фінансавая, матэрыяльная) забароненая. Увогуле сытуацыя зь фінансаваньнем выбарчай кампаніі ў Беларусі не вытрымлівае ніякай крытыкі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, папраўкі ў Выбарчы кодэкс азначаюць, што беларускае кіраўніцтва, навучанае досьведам мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, імкнецца так удасканаліць выбарчую сыстэму, каб пагрозы з боку палітычных апанэнтаў былі мінімальныя, а ўлада не мянялася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG