Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі балаў зь пяці даюць віцебчукі беларускай мэдыцыне?


Радыё Свабода 2 кастрычніка ў сьвеце адзначалі Міжнародны дзень доктара. Як можна ацаніць працу беларускіх дактароў і беларускую сыстэму аховы здароўя? Якую адзнаку можна паставіць айчыннай мэдыцыне?

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, ці ёсьць такая адзнака — ніжэй за нуль. Калі я прастуджаюся, да лекара ніколі не іду — лячуся сама. Ну, калі што больш сур’ёзнае, то шукаю знаёмых дактароў, да першых-лепшых не пайду. Без знаёмстваў у нас лячыцца немагчыма, я мяркую”.

(Дзяўчына: ) “Дактары нашы жорсткія бываюць занадта. І дужа марудна працуюць. Але я паставіла б ім чатыры балы”.

(Спадарыня: ) “Два балы! Такія ў нас дактары, такое стаўленьне іхнае ў шпіталях, у паліклініках. Калі за грошы ідзеш да іх — тады іншая справа. А калі бясплатна, то лепш увогуле не хадзіць — толькі здароўю шкодзіць!”

(Хлопец: ) “Я паставіў бы двойку, бо мэдыцына ў нас бясплатная, ніякая, а ў мэдыцынскія інстытуты ўладкоўваюцца за вялікія грошы. Мяркую, гэта і віцебская праблема, і агульнабеларуская, што дактары рабіць нічога ня хочуць і ніякім чынам не адказваюць за сваю кваліфікацыю. Магу распавесьці пра паліклініку №4 Чыгуначнага раёну: у мяне быў нізкі гемаглябін, але на тое, каб правесьці аналізы, спатрэбіліся тры месяцы! І ўрэшце высьветлілася — з такім узроўнем гемаглябіну добра, што застаўся жывы! А мне сказалі: “Сам вінаваты”.

(Спадарыня: ) “Ну, можа й троечку нават паставіла б. Два — гэта занадта ўжо, напэўна, будзе радыкальна. Тры балы. Бо ў нас кожны працуе як можа”.

(Дзяўчына: ) “Чацьвёрачку. Ня пяць, бо дужа шмат нас ганяюць па кабінэтах, нават калі табе гэта ня трэба. І чэргі ў паліклініках. Не такія ўжо вялікія, але ўсё адно час губляеш”.

(Другая дзяўчына: ) “Два з паловай. Бо стаўленьне да пацыентаў абсалютна ніякае. Калі ты заходзіш у бясплатную мэдычную ўстанову, то да цябе дактары ставяцца так дзіўна: зірнуць адным вокам, паслухаюць крыху — і ідзі, усё. Мне здаецца, калі да хворых такое стаўленьне, трэба ўжо зрабіць платнай усю сыстэму. Можа, каб дактарам плаціць болей грошай, так і да працы яны ставіліся б лепей”.

(Спадар: ) “Цяпер мэдыцына дарагая: і абсталяваньне дарагое, і лекі. Таму трэба, каб на мэдыцыну зь бюджэту вялікія сродкі адпускаліся, тады нешта зь яе будзе. А калі дзяржава больш клапоціцца пра тое, каб умацоўваць сілавыя структуры, то й мэдыцыну мы маем адпаведную! Калі ў такіх умовах яшчэ ёсьць дактары, якія нешта хаця б робяць, то вялікі ім дзякуй! А агульная адзнака, я лічу, слабенькая-слабенькая троечка”.
XS
SM
MD
LG