Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Родныя й сябры камэнтуюць затрыманьне Паўла Красоўскага


Радыё Свабода Абсурд, фарс і правакацыя — пераважна такімі словамі родныя, сябры й праваабаронцы камэнтуюць інфармацыю пра тое, што 23-гадовы моладзевы актывіст з Жодзіна Павал Красоўскі затрыманы. Яго падазраюць у замаху на забойства. Сьледзтва вядзе група Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, але прэсавая служба гэтага ведамства пакуль нічога ня можа паведаміць пра дэталі справы.

Павал Красоўскі быў шакаваны тым, што сьледчая група падазрае яго ў датычнасьці да сэрыі леташніх выбухаў у Віцебску. Пра гэта Радыё Свабода сказаў ягоны адвакат Павал Сапелка. Ня менш шакаваныя падазрэньнямі й родныя ды сябры затрыманага. Гаворыць моладзевы актывіст Сяржук Лісічонак:

(Лісічонак: ) “Ягоны арышт трэба разглядаць менавіта як шэраг акцыяў, якія накіраваныя супраць арганізацыі. За гэтым арыштам могуць быць і іншыя дзеяньні ціску на арганізацыю. І моладзевы рух рыхтуецца да пагаршэньня сытуацыі. А што тычыцца самога Красоўскага, то ўсё гэта абсурд. Гэта сьведчаньне таго, што ўлада баіцца палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці моладзі”.

На думку спадара Лісічонка, Павал Красоўскі быў вельмі актыўны ў Жодзіна — і ягоная дзейнасьць не падабалася ўладам. А непасрэднай прычынай для затрыманьня стаў сюжэт на беларускім тэлебачаньні, у якім Павал Красоўскі ў адным зь летнікаў нібыта рыхтаваў моладзь для нейкіх сілавых структураў апазыцыі.

Створаны ўчора камітэт вызваленьня Зьмітра Дашкевіча пасьля затрыманьня Паўла Красоўскага будзе называцца “За свабоду Дашкевіча й Красоўскага”. Яго ўдзельнікі й моладзевыя актывісты плянуюць зладзіць шэраг акцыяў пратэсту, а таксама зьвярнуцца ў міжнародныя структуры з просьбай дапамагчы хутчэйшаму вызваленьню Зьмітра і Паўла.

А вось як адрэагавала на затрыманьне сына ягоная маці Тамара Красоўская:

(Красоўская: ) “Я думаю, што гэта проста фарс. Тое, што ён невінаваты — я проста ўпэўненая. Ён лаянкавага слова сказаць ня можа, нават ня біўся ні разу. І тэрарызм — гэта не ягоны мэтад барацьбы. А тое, у чым яго падазраюць, — гэта проста дзікунства. У яго нават на словах гэтага ніколі не бывае”.

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што сьледзтва ня мае ніякіх канкрэтных доказаў, што Павал Красоўскі вінаваты ў забойстве й тэрарызьме.

(Паганяйла: ) “Ім трэба стварыць уражаньне, падняць вялікі шум і дыскрэдытаваць “Малады фронт”. Паводле дакладнага сцэнару 1937 году нашы ўлады рыхтуюцца да масавых працэсаў”.

У прэсавай службе пракуратуры Беларусі пакуль ня могуць паведаміць дэталяў справы Паўла Красоўскага.
XS
SM
MD
LG