Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску і Наваполацку працягваюцца галадоўкі


Радыё Свабода Чацьвертыя суткі ў Бабруйску трымае галадоўку пратэсту актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая. Яна патрабуе спыніць дыскрымінацыю сябраў незалежнага прафсаюзу на “Белшыне”, дзе сама працуе ўжо 30 гадоў. А ў Наваполацку трэці дзень галадае на знак салідарнасьці з палітвязьням Аляксандрам Казуліным сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік.

Сёньня электрык акцыянэрнага таварыства “Белшына” Алена Захожая працавала пад наглядам двух мэдыкаў. Жанчына мяркуе, што гэткім чынам адміністрацыя прадпрыемства выконвае загад старшыні канцэрну “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага, які напярэдадні наведаў “Белшыну”.

(Захожая: ) “Патлумачыў мне, што ён міністар і мае вялікія паўнамоцтвы ад прэзыдэнта. Яшчэ ён сказаў, што пасьля “Дажынак” ва ўсім гэтым спакойна разьбярэцца: “Прышлю юрыста і намесьніка міністра”.

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў таксама ўдзельнічае ў вырашэньні канфлікту на “Белшыне”.

(Корабаў: ) “На нашых прадпрыемствах увялі інстытут ідэолягаў. І калі афіцыйныя прафсаюзы супрацоўнічаюць з ідэолягамі, то мы дзейнічаем па-іншаму. Ёсьць вызначанае заканадаўствам сацыяльнае партнэрства, і ў гэтых рамках мы мусім дзейнічаць”.

Васіль Корабаў удакладніў, што перадусім патрабуецца вырашыць праблему рэгістрацыі першаснай арганізацыі “Белшыны” і вярнуць нявыплачаныя грошы працаўнікам, якія зьяўляюцца актывістамі незалежнага прафсаюзу.

Незалежны прафсаюз накіраваў адпаведны зварот прэзыдэнту, у Міністэрства юстыцыі, у Вярхоўны і абласны суды.

Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік з Наваполацку ад 4 кастрычніка трымае галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным.

(Кулік: ) “Сам Аляксандар Казулін павінен адчуваць і ведаць, што падтрымка яго ёсьць і будзе. Асабліва паводле ягоных учынкаў і дзейнасьці. Гэтыя пастарункі ды краты ня зломяць мужных людзей. Я ад 1989 году ў БНФ, быў старшынём Полацкай рады. Людзі вераць мне. І я павінен быць наперадзе, уздымаць гэты сьцяг, каб іншыя адчувалі, што рух ня згінуў і барацьба яшчэ ня скончылася”.
XS
SM
MD
LG