Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віку Мароз уладкуюць у беларускую сям’ю альбо ў SOS-дзіцячую вёску


Радыё Свабода Віка Мароз у Вялейскую школу-інтэрнат больш ня вернецца. Дырэктар школы-інтэрнату Мікалай Ваўчкоў перадаў асабістую справу дзяўчынкі і ўсе дакумэнты ў Менскае абласное ўпраўленьне адукацыі. Былому дзяржаўнаму апекуну не паведамілі, дзе знаходзіцца Віка, сказалі толькі, што пасьля курсу рэабілітацыі дзяўчынку аддадуць альбо ў беларускую сям’ю, альбо ў SOS-дзіцячую вёску.

Супрацоўніца аддзелу сацыяльнай і выхаваўчай работы Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі, якая не пажадала назваць сваё імя й адказаць, дзе Віка Мароз цяпер, пацьвердзіла, што дзяўчынка праходзіць курс рэабілітацыі, яна ўжо сустракалася з братам. Пытаньне далейшага яе ўладкаваньня пакуль канчаткова ня вырашанае.

(Інспэктарка: ) “Гэта толькі дапушчэньне. Я думаю, што самы лепшы варыянт — каб Віка разам з братам была ў адной сям’і. Але складаная дзяўчынка, і складаны хлопчык, таму гэта пытаньне пакуль разглядаецца. Нядрэнны варыянт — калі яна трапіць у SOS-вёску. Гэта неабавязкова Бараўляны, у Пухавічах таксама вельмі добрая SOS-вёска. У дзяўчынкі ёсьць праблемы з маўленьнем, таму вылечыць яе можна толькі з дапамогай добрых спэцыялістаў. Такія адмыслоўцы ёсьць у нас”.

На думку чыноўнікаў Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі, якія цяпер вырашаюць лёс Вікі Мароз, магчымасьць вяртаньня дзяўчынкі ў Італію пакуль не абмяркоўваецца. Яны мяркуюць, што дзяўчынку спачатку трэба рэабілітаваць і вылечыць на радзіме. Дырэктар Бараўлянскай SOS-дзіцячай вёскі Валер Міхалевіч прысутнічаў на паседжаньні па вырашэньні лёсу Вікі Мароз з удзелам намесьніцы міністра адукацыі Тацяны Кавалёвай.

(Міхалевіч: ) “Мы самі прапанавалі, што дзіцячая вёска можа быць варыянтам для часовага выхаваньня гэтай дзяўчынкі, таму што ўсе мяркуюць, што дзяўчынка ўсё ж паедзе ў Італію. Разглядаўся толькі варыянт зьмяшчэньня дзяўчынкі ў нашую ўстанову. Гэта зразумела, таму што дзяўчынка баіцца, яна ня хоча вяртацца ў тое асяродзьдзе, дзе яна была”.

Бараўлянская дзіцячая вёска — узорна-паказальная ўстанова, якая працуе з 1995 году. Будавалі яе немцы, аўстрыйцы й беларусы. Цяпер тут выхоўваецца 71 дзіця. Жывуць дзеткі ў сучасных катэджах. У вёсцы працуе шмат сацыяльных пэдагогаў, дактароў. Выхаванцы маюць магчымасьць атрымаць спэцыяльнасьць. Ёсьць і моладзевыя дамы, дзе застаюцца жыць былыя выхаванцы, якія ўжо вырасьлі.

Дырэктар Бараўлянскай дзіцячай вёскі Валер Міхалевіч запэўніў, што тут зробяць усё магчымае, каб дзяўчынцы было добра. Але ён выказаў і прыватнае меркаваньне, што для дзяўчынкі з такой псыхалягічнай траўмай найлепш усё ж вярнуцца ў Італію, у сям’ю Джуста й Барначын.

Паводле інфармацыі “Інтэрфаксу”, Міністэрства адукацыі Беларусі лічыць, што для хутчэйшай адаптацыі Вікі Мароз “нават тэлефонныя кантакты зь сям’ёй Джуста й Барначын непажаданыя”. Пра гэта паведаміла намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва.

Нагадаем, грамадзкія фундацыі Беларусі, а таксама іншыя структуры, якія ладзяць дзіцячыя вакацыі ў Італіі, аднавілі працэдуру ўзгадненьня сьпісаў групаў для выезду на аздараўленьне ў Італію. Неабходнай умовай для аздараўленьня ёсьць пэўныя гарантыі. Гэтак, італьянскія сем’і мусяць абяцаць, што вернуць беларускае дзіця, а таксама гарантаваць, што ня маюць плянаў усынаўленьня дзіцяці. Такая працэдура ўзгадненьня будзе дзейнічаць да падпісаньня міжурадавай дамовы паміж Беларусьсю і Італіяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG