Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Масква перамагае Захад у бітве за постсавецкую прастору”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Расейска-грузінскі канфлікт шырока асьвятляецца заходняй прэсай. Сёньня ўжо інфармацыйныя паведамленьні саступаюць месца аналітыцы. У чым прычыны канфлікту і ў якім накірунку будуць далей разьвівацца стасункі паміж Грузіяй і Расеяй?

Амэрыканская газэта “The Wall Street Journal” сёньня зьмясьціла артыкул пад назовам “Масква перамагае Захад у бітве за постсавецкую прастору”. Аглядальнікі Марк Чэмпіён і Гай Чэйзан пішуць, што “ў барацьбе за ўплыў, энэргію і пашырэньне дэмакратыі на тэрыторыі сваёй былой імпэрыі Масква прасунулася далёка і рыхтуецца да бою, у той час як Захад усё болей заняты іншымі пытаньнямі.

Яшчэ два гады таму здавалася, што Расея губляе кантроль над сваёй імпэрыяй: зьявіліся амэрыканскія вайсковыя базы на тэрыторыі багатай на нафту Цэнтральнай Азіі, адбыліся каляровыя рэвалюцыі, у выніку якіх прыйшлі да ўлады празаходнія ўрады. Аднак, у той час як Масква не губляе надзеі вярнуць свой уплыў у рэгіёне, пра які Крэмль адкрыта кажа як пра свае ўладаньні, жаданьне Захаду супрацьстаяць Расеі ў гэтым пытаньні зьнізілася", – піша газэта “ The Wall Street Journal”

Заходнія аналітыкі падкрэсьліваюць, што Вашынгтон зусім не хацеў бы ўмешвацца ў канфлікт на Каўказе. ЗША маюць ваенныя праблемы ў Іраку і Аўганістане. Цяпер да праблемы ядзернай праграмы Ірану дадаўся яшчэ і намер Паўночнай Карэі выпрабаваць ядзерную бомбу. У разьвязаньні гэтых праблемаў Вашынгтону патрэбна падтрымка Масквы. Гэтак жа і вядучыя эўрапейскія краіны не жадаюць уступаць у супрацьстаяньне з Масквой, бо энэргетыка многіх зь іх залежыць ад расейскага прыроднага газа.

У гэтым кантэксьце асобна стаіць прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які трымаецца празаходняга курсу і антырасейскай рыторыкі. Дзеяньні Масквы ў адказ на затрыманьне і высылку расейскіх афіцэраў, на думку “The Wall Street Journal”, ёсьць жаданьнем Расеі паказальна разабрацца з Грузіяй і прадэманстраваць, якая адплата чакае яе суседзяў у выпадку непадпарадкаваньня.

Ужо празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін папярэдзіў амэрыканскага калегу Джорджа Буша пра недапушчальнасьць умяшаньня трэціх краінаў у канфлікт, Масква пачала нарошчваць санкцыі супраць Грузіі. І ціск, як адзначаюць назіральнікі, можа ўзмацніцца.

Паводле аўтараў газэты “The Wall Street Journal”, на сустрэчы зь вядучымі расейскімі парлямэнтарамі, што адбылася ў сераду, Пуцін абмеркаваў магчымасьць прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Газэта цытуе дэпутата Сяргея Бабурына, які лічыць, што гэта можна зрабіць ужо да канца году: “Калі НАТО хоча атрымаць Грузію любым коштам, дык можа атрымаць яе без Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”.

У гэтым зьвязку шэраг назіральнікаў выказваюць трывогу, што канфрантацыя можа прывесьці нават да вайны. “Абодва бакі выношваюць ваенныя пляны”, – перакананы Павал Фельгенгаўэр, ваенны аналітык з Маквы. На ягоную думку, ваеннай задачай Расеі ёсьць зьмена рэжыму Саакашвілі, а задачай Грузіі – ўтрыманьне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Падобнае меркаваньне выказаў у інтэрвію нашаму радыё і вядомы амэрыканскі аналітык Анатоль Лівін:

(Лівін: ) “Расея найбольш баіцца таго, што грузінская адміністрацыя плянуе пэўнага кшталту ваенныя дзеяньні супраць Паўднёвай Асэтыі, якія рэальна могуць прывесьці да вайны паміж Расеяй і Грузіяй”.

Тым часам і грузінскія, і расейскія ўлады заяўляюць, што гэта малаверагодна, і што існуе шмат рычагоў, каб яе не дапусьціць, у тым ліку і ўплыў Вашынгтону на Саакашвілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG