Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее Беларусь зрабіць прывабным транзыт праз краіну?


Радыё Свабода Палата прадстаўнікоў 5 кастрычніка адмяніла абавязковую канфіскацыю транспарту, у якім выяўленая схованка. Такое паслабленьне, паводле старшыні дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага, “паспрыяе транзытнай прывабнасьці Беларусі”.

Апошні час міжнародныя перавозчыкі ўсё часьцей аб’яжджаюць Беларусь. Прычына – вельмі жорсткія, як лічаць кіроўцы, дзеяньні беларускіх мытнікаў. Ёсьць прыклады, калі вялікагрузныя аўтамабілі канфіскоўвалі толькі таму, што ў іх знаходзілі дзясятак пачкаў незадэкляраваных цыгарэтаў. Неадэкватнасьць такіх дзеяньняў прызнае і старшыня мытнага камітэту Аляксандар Шпіліўскі:

(Шпілеўскі: ) “У асобных выпадках канфіскацыя транспартных сродкаў з тайнікамі яўна не адпавядала зьдзейсьненаму ўчынку. Артыкул кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжваў безальтэрнатыўную санкцыю — то бок, абавязковую канфіскацыю”.

Дэпутаты пацікавіліся ў кіраўніка мытнага камітэту, які транспарт сканфіскавалі летась:

(Шпілеўскі: ) “За мінулы год сканфіскавалі 162 транспартныя сродкі, зь іх 14 грузавікоў і 3 аўтобусы. Асобныя выпадкі канфіскацыі транспартных сродкаў у міжнародных перавозчыкаў мелі нэгатыўны міжнародны рэзананс і спробы нэгатыўнага асьвятленьня ў мэдыях”.

Цяпер у заканадаўства ўносіцца норма, згодна зь якой, калі кошт так званых кантрабандных тавараў менш за 40 базавых велічыняў (на сёньняшні дзень 1 базавая велічыня — 31 000 рублёў), дык аўтамабіль канфіскоўваць ня будуць, абмяжуюцца толькі штрафам.

Эканаміст зь Менску Кастусь Скуратовіч лічыць, што такія меры кардынальна ня зьменяць сытуацыі:

(Скуратовіч: ) “Зайшоў я на былым праспэкце Машэрава ў краму, якая гандлюе канфіскатам. Паглядзеў на шыльду, а там напісана, што гэтае гандлёвае прадпрыемства належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Калі зроблена спэцыяльная сетка такіх крамаў, дык гэта значыць, што і тавараабарот плянуюць і прагназуюць. Каб павысіць транзытную прывабнасьць Беларусі, патрэбна гуляць згодна з тымі правіламі, што існуюць у краінах, якія нас акружаюць, у Эўразьвязе”.
XS
SM
MD
LG