Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў у Расеі будуць разглядаць як нелегалаў?


Ігар Карней, Менск Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін запатрабаваў ад ураду ўвесьці больш жорсткі візавы рэжым для замежнікаў, якія парушаюць расейскія законы. У прыватнасьці, ён загадаў рэглямэнтаваць гандаль на рынках і ўпарадкаваць знаходжаньне там іншаземцаў. А ўжо сёньня Фэдэральная міграцыйная служба (ФМС) прапанавала ўнесьці папраўкі ў Крымінальны кодэкс: пазбаўляць волі за нелегальнае пражываньне і працу ў Расеі. Як канфлікт закране беларусаў, якія прыяжджаюць у Расею?

Расейскія ўлады не хаваюць, што папраўкі ў фэдэральныя законы выкліканыя палітычным супрацьстаяньнем з Грузіяй. Намесьнік кіраўніка Фэдэральнай міграцыйнай службы Міхаіл Цюркін наўпрост заявіў: “Расейскія рэгіёны ня маюць патрэбы ў працоўнай сіле з Грузіі”.

Заклапочанасьць “грузінскай праблемай” выказваюць і беларускія палітыкі. Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў лічыць, што Беларусь, зьвязаная “саюзнымі дамоўленасьцямі”, мусіць трымацца аналягічных захадаў у дачыненьнях зь “несяброўскай” Грузіяй.

(Папоў: ) “Мігрантам з Грузіі празь Беларусь у Расею будзе канал зачынены, калі ўзьнікне такая неабходнасьць. Рэч жа ня толькі ў арышце і захопе расейскіх афіцэраў, а ва ўсёй палітыцы, якую апошнія месяцы праводзіць грузінскае кіраўніцтва. Гэта і пераўзбраеньне арміі, і замежныя сродкі на абвастрэньне сытуацыі, нават перайменаваньне Кадорскай цясьніны”.

Амбасада Грузіі ў Кіеве, якая бароніць сваіх грамадзянаў і на тэрыторыі Беларусі, ня мае зьвестак адносна “каналу нелегальнай міграцыі” з Грузіі, пра які гаворыць спадар Папоў. Гаворыць амбасадар Грузіі ва Ўкраіне Грэго Катамадзэ:

(Катамадзэ: ) “На сёньняшні дзень у нас не акрэдытаваная амбасада ў Беларусі — ні непасрэдна ў Менску, ні ў іншых краінах. Але і нам ніякіх скаргаў на гэты конт не было. Калі былі пэўныя складанасьці з нашымі грамадзянамі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, то нашая консульская служба займалася вырашэньнем пытаньняў, зьвязаных з нашымі грамадзянамі”.

Узмацненьне кантролю за мігрантамі з Грузіі расейскае кіраўніцтва зьвязвае з тым, што тыя “б’юць усе рэкорды” ў парушэньні расейскіх законаў. Так, за першае паўгодзьдзе на тэрыторыю Расеі ўехала 79 тысяч грузінаў, зь іх толькі 29 тысяч зарэгістраваліся, а 15 тысяч зьдзейсьнілі розныя правапарушэньні. Аднак беларусы, якія збольшага нелегальна працуюць у Расеі, лічаць такую статыстыку непраўдзівай. Віцябчук Сяргей Бубноўскі кажа: у той ці іншай ступені крыміналізуюцца ўсе замежнікі, якіх расейскія працадаўцы лічаць людзьмі другога гатунку.

(Бубноўскі: ) “Іншымі словамі, мы ня цэнімся. “Мы” — гэта і малдаване, і ўкраінцы, і таджыкі, і грузіны, і, вядома, беларусы. Для нас, натуральна, стаўкі ніжэйшыя. Яны цудоўна нас ведаюць, нашу манеру паводзінаў. Злачынства мы там ім істотна дадалі, канкрэтна сябе паказалі — хто мы і што мы ёсьць. То бок, крымінал поўны”.

Квоты на прыцягненьне ў Расею замежнай працоўнай сілы будуць улічваць краіну паходжаньня і вызначаць долю іншаземных работнікаў. Беларусы, якія захочуць працаваць у Расеі, на тле астатніх маюць лепшыя ўмовы. Сёлета кіраўнікі ўрадаў падпісалі пагадненьне аб забесьпячэньні роўных правоў грамадзянаў Беларусі й Расеі на свабоду перамяшчэньня. Пагадненьне прадугледжвае значныя прэфэрэнцыі: знаходжаньне безь міграцыйнай карты, вызваленьне ад рэгістрацыі да 30 дзён, спрошчаную працэдуру атрыманьня віду на жыхарства.

Аднак калі беларускі бок ратыфікаваў адпаведны закон, то праца ў Расеі яшчэ толькі вядзецца. А гэта значыць, статус грамадзянаў па-ранейшаму рэгулюецца нацыянальным заканадаўствам, у адпаведнасьці зь якім расейцы ў Беларусі й беларусы ў Расеі лічацца замежнікамі. Таму, як раяць прадстаўнікі Фэдэральнай міграцыйнай службы, беларусы мусяць быць пільнымі падчас працаўладкаваньня ў Расеі.
XS
SM
MD
LG