Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва” сьвяткуе стагодзьдзе


Валянціна Аксак, Менск Учора ўвечары прэзэнтацыяй кнігі Аляксандра Фядуты “Паэтычны аглядальнік” у менскім Палацы мастацтва пачалася чарада імпрэзаў, прысьвечаных стагодзьдзю газэты “Наша Ніва”.

Вечарына пачалася зь вядомае песьні Зьміцера Бартосіка “Нашаніўская пара”. А потым слова ўзяў галоўны рэдактар тыднёвіка Андрэй Дынько. Ён не гаварыў пра гісторыю выданьня і не адзначаў ягоных заслугаў, а засяродзіўся на канкрэтных сёньняшніх справах.

(Дынько: ) “Рамантыкам адраджэньня трэба быць адначасова спэцыялістамі па мэнэджмэнту ці маркетынгу. Гэта гучыць нудна, буржуазна, але гэта – рэчаіснасьць. Бяз гэтага мы нічога ня зробім. У дапасоўваньні ідэалістычнага праекту і рэалістычнае плятформы для пабудовы будучай Беларусі бачыць сваю галоўную задачу цяперашняя “Наша Ніва”.

Гісторыю “Нашай Нівы” і асобу яе стваральніка і першага галоўнага рэдактара Аляксандра Ўласава дасьледуе літаратуразнаўца Уладзімер Содаль.

(Содаль: ) “Я спазнаваў і спазнаю па-ранейшаму праз “Нашу Ніву” нашу гісторыю. Яна мне столькі імпульсаў дае! Вось зараз ляжыць кніжачка мая на варштаце ў наборы “Волат зь Мігаўкі” пра першага рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Ўласава”.

На вечарыне гучала шмат вершаў. Іх чыталі паэты, чыя творчасьць патрапіла пад вострае пяро філёляга, як ён сам сябе называе, Аляксандра Фядуты, і рэцэнзіі на якіх склалі ягоную кнігу “Паэтычны аглядальнік”. Спадар Фядута прызнаўся, што адкрыў для сябе беларускае прыгожае пісьменства абсалютна выпадкова.

(Фядута: ) “Я прыйшоў да спадара Дынько і сказаў: “Андрэй Васільевіч, што пісаць?” Ён сказаў: “Ну вы ведаеце, тут у рэдакцыю прынесьлі некалькі паэтычных зборнікаў, пачытайце – магчыма што-небудзь напішаце”.

Але вершы на вечарыне гучалі невыпадковыя. Нават з вуснаў самага маладога героя кнігі спадара Фядуты Глеба Лабадзенкі.

(Лабадзенка: ) “Забярыце ў мяне вясну, На халеру мне вясна бязь лета, І каты, што не даюць заснуць, Памнажаюць на зямлі паэтаў, І за тое не бяруць віну, І ня ставяць крыжыкі на сьпінах. Забярыце ў мяне вясну І пусьціце ў гэтую краіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG