Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым жыве беларускі гульнявы бізнэс?


Ігар Карней, Менск Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін паабяцаў накіраваць дэпутатам папраўкі да заканадаўства ў сфэры гульнявога бізнэсу. Паводле Пуціна, праблемы, зьвязаныя з гульнявымі забаўляльнымі ўстановамі, прыносяць матэрыяльныя і маральныя страты краіне. Пуцін агучыў намеры стварыць аддаленыя ад цывілізацыі забаўляльныя цэнтры, кшталту Лас-Вэгаса ў ЗША. Два такі цэнтра будуць разьмешчаныя ў эўрапейскай частцы Расеі, адзін – у Сыбіры і яшчэ адзін – на Далёкім Усходзе. А чым жыве беларускі гульнявы бізнэс?

У Беларусі гульнявы бізнэс пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі ад 2003 году. Дзейнасьць клюбаў і казіно рэгулюецца Дэкрэтам і пастановамі Савету Міністраў. Гэтымі нарматыўнымі актамі замацаваныя ня толькі сьпіс інструкцыяў пра ўмовы дзейнасьці, але і правілы гульні ў рулетку ды ў карты. Ліцэнзіі забаўляльным установам выдае Міністэрства спорту і турызму. Аднак, як кажа дарадца міністра Сяргей Шаблыка, у дзейнасьць казіно і клюбаў міністэрства ня ўмешваецца.

(Шаблыка: ) “Міністэрства выдае ліцэнзію на гульнявы бізнэс. Але месцы разьмяшчэньня гульнявых установаў вызначаюць мясцовыя органы самакіраваньня. То бок, усё вырашаецца па месцах знаходжаньня. Гэтыя структуры павінны, перадусім, урэгуляваць разьмяшчэньне гульнявых установаў”.

Яшчэ да Ўладзіміра Пуціна “выслаць” гульнявы бізнэс на пэрыфэрыю ў Беларусі ўвесну прапаноўваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол. Паводле Хрола, такім цэнтрам можна было б зрабіць Глыбокае, дзе ён балятаваўся ў дэпутаты. Тады прапанова падтрымкі ў дэпутатаў не знайшла і забаўляльныя ўстановы засталіся па ранейшых адрасах.

Аднак ня так даўно на адным з пасяджэньняў Савету міністраў кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі давёў да ведама: экспэрты спэцыяльна вывучалі досьвед эўрапейскіх дзяржаваў, дзе актыўна культывуецца гульнявы бізнэс: “У Эўропе да гэтага працэсу ставяцца як да магчымасьці ўкладаньня грошай, “зьвязваньня” грашовай масы”. Таму, зрабіў выснову спадар Сідорскі, бліжэйшым часам адпаведныя структуры павінны сабраць усю інфармацыю аб беларускіх прадпрыемствах, занятых у гэтай сфэры, і высьветліць – на колькі гульнявы бізнэс апраўдвае ўкладзеныя ў яго разьвіцьцё сродкі? Дзеля гэтага, па словах прэм’ера, важна стварыць адмысловую нарматыўна-прававую базу. Спадар Сідорскі ўдакладніў: што да арганізацыі гэтага бізнэсу, то яна павінна знаходзіцца выключна пад жорсткім кантролем дзяржавы.

Уладальнік сеткі казіно “Данькофф” прадпрыемства “Джорджык і К” Юрый Данькоў кажа, што кожная новая спроба ўладаў урэгуляваць гульнявы рынак прыводзіць да непрадказальных вынікаў. Да таго ж, як кажа спадар Данькоў, з-за зразумелай спэцыфікі гульнявым установам часьцей за іншых даводзіцца прымаць супрацоўнікаў рознага кшталту кантралюючых органаў.

(Данькоў: ) “Згодна з заканадаўствам, мы ўвогуле самыя безабаронныя істоты. Я ўжо і так пазакрываў усе бізнэсы па Беларусі, застаўся на адным. Справы быццам пачынаюць ісьці лепш, потым робіцца ўсё горш, пакуль нарэшце табе не гавораць, што ўсё зусім дрэнна. І кожны пры гэтым толькі нагла табе ў твар кажа – пакажыце, дзе вашы прыхаваныя прыбыткі?”.

Паводле расейскіх экспэртаў, штосуткі праз кожнае маскоўскае казіно праходзіць да мільёну даляраў, ня улічаных касай. У беларускіх гульнявых установах адмаўляюцца раскрываць лічы грашовага абароту, але зазначаюць, што мясцовы рынак куды больш сьціплы.

У Менску ліцэнзіі на гульнявы бізнэс маюць 13 фірмаў. Яны валодаюць амаль двума дзесяткамі казіно, сярод якіх папулярныя “Менск Прынцэс гатэль”, “Адмірал”, “Эмір”, “Прынцэс Казіно”. На 5 абласных цэнтраў прыпадае 18 прадпрыемстваў, дзейнасьць якіх зьвязаная з гульнявым бізнэсам.
XS
SM
MD
LG