Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці азартныя беларускія палітыкі?


Валер Каліноўскі, Менск Гульню ў казіно ці таталізатар у беларускім грамадзтве прынята адносіць да заганаў, таму палітыкі трымаюцца ў баку ад такіх установаў, альбо прынамсі не афішуюць гэта.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч лічыць сябе вельмі азартным чалавекам, хаця ні разу ня быў у казіно, ён перакананы, што нельга лічыць азартнымі толькі тых людзей, якія гуляюць на грошы.

(Гайдукевіч) “Азарт цесна зьвязаны з амбіцыямі, палітыкаў харызматычных і азартных вельмі мала ўсюды, у нас 2–3 чалавека, у іншых па 2–3. Як правіла, гэтым людзям належыць пальма першынства”.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што не ведае больш азартных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Іншы палітык Сяргей Альфер гаворыць, што сярод беларускіх грамадзкіх дзеячаў азартных людзей шмат, але ў казіно і таталізатар зь іх амаль ніхто не гуляе:

(Альфер: ) “Палітыкі азартныя, але яны азартныя на іншай глебе. І ім няма патрэбы выплёскваць сябе яшчэ і ў казіно. Таму што вельмі вялікі выкід адрэналіну ў палітычных гульнях”.

Спадар Альфер кажа, што імкнецца трымацца вядомай парады “не гуляць у азартныя гульні з дзяржавай”, хіба што бярэ ўдзел у выбарчых кампаніях. Сяргей Альфер прызнаецца, што ў маладосьці ён гуляў у карты на грошы:

(Альфер: ) “Гуляў у прэфэранс, пачынаючы ад капеечкі, і заканчваючы дастаткова вялікімі сумамі, якія ўвогуле патрэбна было выплачваць. Гуляў у маладосьці і ў больш азартныя картачныя гульні… І быў адзін выпадак у жыцьці, калі мяне зацягнулі напёрстачнікі, але я ад іх хутка зьбег”.

Барысаўскі бізнэсовец і палітык Віктар Гарбачоў згадвае, што гадоў 15 таму ён прайграў “некалькі тысяч” у Маскве на гульнявых аўтаматах, з таго часу стрымлівае сябе, хаця ведае людзей, якія гуляюць дагэтуль, у тым ліку ў казіно:

(Гарбачоў: ) “Гэта такія звычайныя людзі, якія больш на бізнэсе замешаныя, якія бліжэй да ўлады, якія маюць там “дах”, бліжэй да выканаўчай і заканадаўчай улады. У іх ёсьць пэўныя сродкі, яны могуць спакойна пагуляць, прайграць і забыць”.

Спадар Гарбачоў аддае перавагу спартоваму азарту, ён заўзятар футбольнага клюбу БАТЭ, але кажа, што не адмовіўся б і паспрачацца з кім-небудзь, паўдзельнічаць у палітычным таталізатары, і не на грошы, а, напрыклад, на скрыню шампанскага:

(Гарбачоў: ) “Я б паставіў на тое, што адназначна будуць перамены ў нашай краіне ў лепшы бок, і што мы рана ці позна трапім у Эўразьвяз, я б за гэта паставіў і сказаў бы, што гэта будзе цягам бліжэйшых 10 гадоў”.

Вядомы беларускі рэжысэр і грамадзкі дзеяч Юры Хашчавацкі не адмаўляе, што часам заходзіць у казіно, у Беларусі і за мяжой – дзеля адпачынку. Ён кажа, што не бачыў беларускіх палітыкаў у казіно, а ўсё больш бізнэсоўцаў, сьпевакоў, актораў. З уласнага досьведу Юры Хашчавацкі кажа, што ў казіно трэба ўмець гуляць і галоўнае тут – своечасова спыніцца.

Спадар Хашчавацкі ня верыць у розныя матэматычныя разьлікі, якія нібыта могуць паспрыяць выйгрышу:

(Хашчавацкі: ) “Ёсьць толькі адна гульня, у якой сапраўды можна штосьці разьлічыць. Гэта блэк-джэк. Моцныя матэматыкі, калі яны займаюць увесь стол, яны могуць рэгулярна, стабільна выйграваць у казіно. Усе астатнія гульні – гэта чыстая ўдача. А паводле тэорыі верагоднасьці так разьлічана, што ў любым выпадку ты прайграеш. У цэлым казіно выйграе, а людзі – хтосьці выйграе, хтосьці прайграе, але выйгрышы будуць меншымі, чым пройгрышы”.

Юры Хашчавацкі параўнаў, чым адрозьніваюцца беларускія казіно, ад напрыклад, ад амэрыканскіх.

(Хашчавацкі: ) “У амэрыканскіх вельмі свабодна ўсё, вельмі свабодна сябе людзі адчуваюць, яны крычаць, радуюцца, скачуць, таму гэта ўспрымаецца як задавальненьне, як адпачынак, як забаўляльны парк, не больш за тое. А ў нашых казіно паспрабуйце гучна пакрычыце ад радасьці ці запляскаеце ў ладкі ад захапленьня, што нешта выйгралі. Вам адразу ж пачнуць рабіць заўвагі… У нас чамусьці лічыцца, што ў казіно людзі прыходзяць пабагацець, што гэта загана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG